У калоніі Статкевічу не дазволілі працаваць
Мікалая Статкевіча перавялі з карантыну ў атрад, але не далі працы. Палітвязень Яўген Васьковіч у вольны час распрацоўвае сцэнары коміксаў. Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка зноў адмовіўся прымаць ежу ў турэмнай сталоўцы.
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч пасля карантыну пераведзены ў атрад. Пра гэта палітвязень змог паведаміць жонцы Марыне Адамовіч ў тэлефоннай размове.
«Перавялі яго ў атрад, прычым у атрад, які знаходзіцца ў адным будынку са штабам. Каб абмежаваць ягоныя кантакты. І не дазволілі яму працаваць, хаця ён сам рваўся на «промку».
Некалькі тыдняў таму з магілёўскай турмы Мікалая Статкевіча перавялі ў шклоўскую калонію, дзе ён ўжо адбываў пакаранне пасля суду. Тады Мікалай Статкевіч працаваў на дрэваапрацоўцы. У шклоўскай калоніі некалькі вытворчых участкаў, але зараз для палітвязня працы не знайшлося.
Ці ведае Мікалай Статкевіч пра выказванні на свой адрас Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канферэнцыі, якая адбылася 29 студзеня? Вось што пра гэта распавяла Марына Адамовіч.
«Смяяўся. Ён ня чуў гэтых выказванняў, але яму намякнуў нехта, што яны былі. Калі ж я яму пераказала, то ён проста рассмяяўся. Больш нічога».
Нагадаю, Лукашэнка чарговым разам паведаміў, што не збіраецца вызваляць Мікалая Статкевіча датэрмінова, бо лічыць яго злачынцам, які, як ён сказаў, «павёў людзей на штурм». Пры гэтым Лукашэнка, паводле яго словаў, ня бачыць ў Статкевічу свайго канкурэнта на выбарах.
Паводле Марыны Адамовіч, яе муж у расповедах пра цяперашні стан шклоўскай калоніі адзначыў змены да лепшага ў будынку, дзе знаходзіцца ягоны атрад, а таксама сказаў, што лепшым стала харчаванне. Але ў Мікалая Статкевіча пачаліся праблемы з прэсай – выданні, на якія ён быў падпісаны, дагэтуль да яго не даходзяць.
Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых забурэнняў 19 снежня 2010 году. Сваёй віны палітык у судзе не прызнаў, а пазней адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні.
Яўген Васьковіч у калоніі заняўся распрацоўкай сюжэтаў коміксаў
Палітвязень Яўген Васьковіч у вольны ад працы час прыдумляе сцэнары будучых коміксаў. Пра гэта ён паведаміў у лісьце да актывісткі Вольгі Мікалайчык, зь якой аднавіў перапіску.
«Напісаў, што працуе, шые вопратку. А ў вольны час чытае кнігі, займаецца духоўнай практыкай, шмат з кім размаўляе на розныя тэмы. То бок перамена абстаноўкі ў яго і ён вельмі гэтаму рады. І яшчэ ў яго новы праект. Ён знайшоў аднадумцаў і яны разам ствараюць новы праект коміксаў, прыдумляюць сюжэт. Жанр – фантастыка. Гэта вельмі падабаецца і яны хочуць заняцца гэтым на волі. То бок яго гэта значна зацікавіла, зараз ён гэтым жыве».
Яўген Васьковіч, як і Мікалай Статкевіч, раней адбываў пакаранне ў крытай магілёўскай турме як злосны парушальнік рэжыму. У канцы 2014 году Васьковіча перавялі ў магілёўскую калёнію. За кратамі Яўгену Васьковічу, якога ў 2011 годзе асудзілі да зняволення за хуліганскія дзеянні адносна будынку КДБ у Бабруйску, яшчэ адбываць амаль 3 гады. Праваабаронцы прызналі Яўгена Васьковіча палітвязнем, паколькі лічаць, што пакаранне яму несувымернае ўчынку і мае палітычныя матывы.
Андрэй Бандарэнка зноў адмовіўся прымаць ежу ў турэмнай сталоўцы
Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка ў пачатку студзеня быў пераведзены з карцэру ў атрад, дзе вязні па-ранейшаму з ім не кантактуюць. Каб пазбегнуць правакацый, Андрэй Бандарэнка мусіў адмовіцца ад прыняця ежы ў сталоўцы бабруйскай калоніі, як гэта ўжо было ў канцы мінулага году. Пра гэта паведаміла Вольга Мікалайчык, якая спасылаецца на ліст ад Бандарэнкі.
«Галадоўку ён не стаў абвяшчаць, бо гэта адбываецца не з боку адміністрацыі, а з боку вязняў. Ён цяпер зноў харчуецца самастойна, у сталоўцы не харчуецца».
Паводле Вольгі Мікалайчык, Андрэй Бандарэнка ў лісце выказаў нязгоду з ацэнкай ягонага працэсу як толькі працэсу над злосным хуліганам. Праваабаронца кажа, што значная частка доказаў супроць яго была сфальшаваная.
Андрэй Бандарэнка вельмі непакоіцца за сям'ю, якая засталася без ягонай падтрымкі.
«Вялікая частка ліста прысвечана таму, што ён просіць дапамагаць ягонай сям'і. Ён вельмі ўдзячны, што мы падтрымліваем сувязі з ягоным татам, ён вельмі ўдзячны Анатолю Лябедзьку, Аляксандру Дабравольскаму, АГП, што ідзе маральная дапамога ягонай сям’і».
Праваабаронца «Платформы» Андрэй Бандарэнка адбывае ў бабруйскай калоніі 3 гады зняволення за злоснае хуліганства. Меркаванні беларускіх праваабаронцаў адносна матываў пераследу Бандарэнкі падзяліліся. Адны мяркуюць, што яго пакаралі па справе, іншыя кажуць пра помсту ўладаў і фальшаванне доказаў.