Online-трансляцыя з гнязда сокала-пустальгі

Гродзенскія арнітолагі ўжо чацвёрты год запар усталёўваюць камеру для оnline-назірання за гняздом сокала-пустальгі. Гэта ўдаецца ажыццявіць дзякуючы міжнароднаму праекту, дзе за гэтымі птушкамі можна назіраць у Гародні і Берасці.



pustalha_hrodna.jpg

У гняздзе на шматпавярховіку на вуліцы Ліможа абласнога цэнтра сёлета можна ўбачыць 5 птушанят.  

Дзмітры Вінчэўскі — кіраўнік абласной структуры “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, распавёў:

Пераважная большасць гродзенцаў вельмі станоўча ставіцца да драпежных птушак, да таго, што гэтыя прыгожыя драпежнікі гняздуюцца ў іх доме або побач. Канешне, ёсць некаторыя праблемы, якія мы стараемся вырашаць. Часам птушкі займаюць такія гнездавыя нішы, якія нават па памерах не прыстасаваныя да гнездавання. Стараемся ставіць гнездавыя скрыні ўнутры будынкаў, якія яны ахвотна займаюць. Вось гэтае гняздо, з якога ідзе трансляцыя, ёсць прыклад паспяховай супрацы з прадстаўніком жыллёвага кааператыва.

Гняздо на шчыце пабернардынскага храма, якое некалькі год таму было занята сокаламі, цяпер пустуе.

Тым не менш, папуляцыя пустэльгаў у Гродна і Брэсце расце. Калі ў 2010 годзе ў рэгіёне было зафіксавана 10 гнёздаў малога драпежніка, то сёлета ўжо 22. Чаму адбываецца рост — арнітолагі з-за недахопу інфармацыі адказаць не могуць. Вядома, што птушкі мігруюць. Напрыклад, нядаўна ў Польшчы была зафіксавана акальцаваная пустальга з гарадзенскага гнязда.

 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя