У Гомелі пастару афіцыйна прыгразілі крымінальным артыкулам
Пастара гомельскай царквы «Праабражэнне» Сяргея Нікалаенку 28 ліпеня выклікалі ў пракуратуру Гомеля, дзе афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці «незаконнай рэлігійнай дзейнасці».
«Інакш крымінальная адказнасць па арт.193 КК РБ. Такое адчуванне, што ім больш няма чым заняцца, чым вернікаў людзей адрываць ад служэння Богу!» — напісаў пастар у Facebook.
«Няхай Бог дабраславіць наша начальства і ўлады і дасць ім мудрасці ва ўсім!!! А асабліва ў тым, каб не перашкаджаць хрысціянам несці святло ў гэты цёмны свет, а наадварот супрацоўнічаць з вернікамі хрысціянамі і даць ім магчымасць сеяць разумнае, добрае, вечнае ў гэты гінучы свет! Тады і ім менш працы будзе, і нам будзе магчымасць уратаваць, прынамсі, некаторых!!!» — падкрэсліў ён.
Нагадаем, 31 мая ў Гомелі падчас нядзельнага набажэнства, якое праходзіла ў афіцыйна арандаваным памяшканні, у яго ўварваліся супрацоўнікі АМАП з відэакамерай, на якую здымалі ўсіх прысутных. На пастара Царквы Божай «Праабражэнне» Сяргея Нікалаенку і пецярых членаў царквы супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы.
Сяргея Нікалаенку 11 чэрвень запрасілі ў райвыканкам Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе забаранілі суполцы ў далейшым арандаваць памяшканне на тэрыторыі раёна. А 19 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля аштрафаваў пастара на 20 базавых велічынь, або 3,6 млн рублёў, за правядзенне набажэнства, якое, на думку суда, было несанкцыянаваным.