У Берасці прайшло «Шоў беларушчыны» для самых маленькіх
Вось ужо больш за 10 гадоў па ўсёй нашай цудоўнай краіне адбываюцца «Шоў беларушчыны» — нацыянальна арыентаваныя віктарыны, прысьвечаныя культуры, мове, гісторыі Бацькаўшчыны.
На іх школьнікі, студэнты ды іншыя ахвотныя дазнаюцца разнастайныя цікавосткі, разважаюць пра тое, хто такія ёсьць беларусы, а таксама, што нас аб’ядноўвае. Як у любой віктарыне, самыя
актыўныя ды кемлівыя ўдзельнікі ўзнагароджваюцца каштоўнымі ды карыснымі дзеля далейшага вывучэньня ды пазнання Краю прызамі.
Хачу падзяліцца ўласным досьведам правядзеньня «Шоў беларушчыны» для дастаткова маленькіх дзетак, першаклашак, якія толькі-толькі вучацца чытаць і пісаць, аднак ужо прагнуць
ведаць як мага больш, нават зусім разнастайныя ды незвязаныя паміж сабой жыццёвыя аспекты.
Віктарына, пра якую вядзецца гаворка, адбывалася ў адным з абласных цэнтраў Беларусі, што дадавала пэўную разынку, бо мінскія навучэнцы збольшага разбэшчаныя разнастайнымі ранішнікамі ды іншымі
падобнымі імпрэзамі, таму ставяцца да ўсіх новых падзеяў дастаткова спакойна (паводле ўласных назіраньняў ды досведу аўтара). На «Шоў» сабралося некалькі дзясяткаў дзетак, усё былі
бадзёрыя пасля дзённага сну ды досыць актыўнымі, таму трэба было адразу знайсці тое, што зачэпіць ды зацікавіць, калі не ўсіх, то, прынамьсі, актыўную большасць, якая звычайна кіруе вэрхалам.
Першыя пытанні тычыліся краіны, вялікіх гарадоў, рэчак, азёраў, пасля размаўлялі пра вядомых птушак і звяроў. Дзеля візуальнае зацікаўленасці былі паказаныя колькі відэаролікаў, дзе такія ж
малышы чыталі вершы, гуляліся, бавіліся, вядома, па-беларуску. Таксама паказалі знакамітую анімацыйную стужку «Будзьма беларусамі», якая выклікала шчырае захапленне як дзетак, так і
прысутных педагогаў і бацькоў.
Кульмінацыяй імпрэзы сталі пытанні пра бліжэйшае наваколле: ад шафы, жырандолі, крэсла ды фіранак да назваў месяцаў, кветак, дэталяў вопраткі, музыкаў, вядомых суайчыннікаў ды да таго падобнае.
Дзеткі вельмі актыўна ўдзельнічалі, найбольшую цікавасць ды захапленне выклікалі пытанні пра стравы, смачнасці, нават апынулася, што найбольш незвычайнае, што можна з'есьці ў дзядулі з бабуляй
у вёсцы — тое шашлыкі! Таксама было прапанавана прачытаць любімы вершык, на што асмелілася толькі адна дзяўчынка, але які там быў верш! «Заяц варыць
піва» Уладзіміра Караткевіча, які цудоўна паклаў на музыку таленавіты Зміцер Вайцюшкевіч.
Напрыканцы мерапрыемства самыя актыўныя дзеткі атрымалі кніжкі з малюнкамі, а таксама ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаныя за ўвагу ды прагу да ведаў паштоўкамі з серыі «Не маўчы
па-беларуску», дзякуючы якім вывучэнне мовы будзе цікавей, займальней ды прасцей.
Такім чынам, варта адзначыць, што пры правядзенні «Шоў беларушчыны» для найбольш маленькіх дзетак самае галоўнае — намацаць тое, што можа мець прывязку да
штодзённасці, да таго, што часта бачаць дзеткі ці карыстаюцца, а далей у простай гульнявой форме імкнуцца захапіць ды адкласці ў памяці тое, што гэта нашая родная мова, гісторыя, культура, краіна
ўрэшце рэшт, а дзеткі самі зробяць належныя ды слушныя высновы, бо, як вядома, вуснамі малечы гаворыць ісціна!
Алесь Мазанік, ды-джэй Адраджэння, bchd.info