У Беларусі пачынаецца ўступная кампанія ў гімназіі

2 чэрвеня ў нашай краіне пачынаецца ўступная кампанія ў гімназіі. 



himnazija_0206.jpg

Фота — gim_1.blog.tut.by

Як інфармуе БЕЛТА, тым, хто жадае паступіць у 5-я класы гімназій, трэба будзе здаць дыктоўкі па рускай і беларускай мовах, напісаць кантрольную работу па матэматыцы. Тых, хто паступае ў так званыя творчыя ўстановы адукацыі, чакае яшчэ адно выпрабаванне — праверка здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва.

Уступныя выпрабаванні па рускай мове пройдуць 2 чэрвеня (пісьмова), матэматыцы — 4 чэрвеня (пісьмова), беларускай мове — 6 чэрвеня (пісьмова). 8 чэрвеня пройдзе праверка здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва. Пачатак усіх выпрабаванняў — а 11-й.

Традыцыйна тэксты і заданні для ўступных выпрабаванняў па беларускай, рускай мовах і матэматыцы (у тым ліку ў рэзервовы дзень) будуць абвешчаныя па тэлебачанні і радыё.

Дарэчы, сёлета будзе і новаўвядзенне: тэксты і заданні будуць накіраваныя ў кожную ўстанову адукацыі электроннай поштай і размешчаныя на спецыяльным інфармацыйным рэсурсе Міністэрства адукацыі.

Рэзервовы дзень для тых, хто па паважных прычынах не змог з'явіцца на ўступныя выпрабаванні (праверку здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтваў), — 10 чэрвеня.

Загад аб залічэнні вучняў у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі-каледжы мастацтваў павінен быць аформлены не пазней за 12 чэрвеня.

euroradio.fm