У вясковай хаце журналісткі Марыі Булавінскай зладзілі вобшук без прысутнасці гаспадароў
У вясковай хаце журналісткі Марыі Булавінскай адбыўся вобшук, прычым без прысутнасці гаспадароў
Марыя Булавінская, Фота: 34Мag
Пра вобшук паведаміла Марыя Булавінская, а сама яна дазналася пра гэта ад аднавяскоўцаў.
Журналістка, гісторык і грамадская актывістка з Гомеля, Марыя Булавінская, распавяла:
— У вясковай хаце, якую мы планавалі адрэстаўраваць, адбыўся вобшук. Я набыла невялікі дом у вёсцы Гомельскага раёна ў 2019 годзе. Мы планавалі яго адрэстаўраваць сваімі сіламі: замяніць вянцы, якія згнілі, аднавіць разьбяны дэкор. Паспелі зрабіць толькі падрыхтоўчыя працы.
Пра вобшук паведамілі мясцовыя жыхары.
Вобшук адбыўся на мінулым тыдні. Са словаў вяскоўцаў, прыязджалі памежнікі і міліцыянты.
Цяпер дом апячатаны звычайным скотчам. З вокнаў бачна, што ў хаце ўсё раскідана. Ніякіх афіцыйных папер пра вобшук не пакінулі. На заклееных скотчам дзвярах пячатак таксама няма. Ніякіх прыкметаў, што гэта быў афіцыйны вобшук, не бачна.
Людзі гавораць, што з дому нешта выносілі. Што менавіта, невядома.
— Да матэрыяльных рэчаў стаўлюся зараз абыякава. Шкада толькі гістарычных артэфактаў. Кажуць, што ў хаце раптам пахіліліся аканіцы, раздзяўбаныя дзверы, — распавяла Марыя Булавінская.
Паводле Прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў