СМІ высветлілі асобу расійскага вайскоўца з артыкула пра забойствы ў Бучы
Верагодна, ідэнтыфікаваны адзін з расійскіх вайскоўцаў, што быў датычны да забойстваў украінцаў у Бучы.
Выданне «Важные истории» піша,
што ідэнтыфікавала аднаго з расійскіх вайскоўцаў, што, верагодна, датычны да
расстрэлу бяззбройных жыхароў Бучы пад Кіевам. Гэта 37-гадовы Чынгіз Атанаеў,
ураджэнец Магадана.
Атанаева апазналі па відэа, апублікаваным і даследаваным газетай The New York Times. На кадрах расійскія вайскоўцы вядуць групу бяззбройных людзей. Пасля былі знойдзены целы васьмі з іх.
Большасць забітых былі ўдзельнікамі мясцовага атрада тэрабароны, аднак, паводле звестак The New York Times, яны не мелі пры сабе зброі. Яны хаваліся ў адным з дамоў, дзе іх знайшлі рускія, якіх выданне называе дэсантнікамі.
Чынгіз Атанаеў апошнія гады жыў у Пскове, дзе дыслакаваныя 104-ты і 234-ты дэсантна-штурмавыя палкі, якія, паводле паведамлення The New York Times, знаходзіліся ў Бучы.
Да высновы аб тым, што чалавек на відэа — менавіта Атанаеў, прыйшлі і ў расследавальнай групе Bellingcat.
«Важные истории» знайшлі сацсеткі Атанаева, у якіх ён падпісаны на групы, звязаныя з войскам. У 2017 годзе ён звяртаўся да Пскоўскага суд з патрабаваннем прызнаць непаўналетнюю дачку яго жонкі чальцом сям'і вайскоўца.
У апошні раз Атанаеў заходзіў на сваю старонку ў «ВКонтакте» 12 красавіка.
Жонка Атанаева ў размове з журналістамі адпрэчыла здагадку, што на відэа з камеры назірання ў Бучы трапіў яе муж.
Паводле ўкраінскай рэдакцыі Radio Free Europe/Radio Liberty