У Віцебскай вобласці загінуў салдат тэрміновай службы з Полацка
Прэс-служба Міністэрства абароны распаўсюдзіла паведамленне пра гібель 21 верасня ў адной з вайсковых частак на тэрыторыі Віцебскай вобласці вайскоўца тэрміновай службы.
У групе «Полацк і Наваполацк», з'явіўся запіс, у якой сцвярджаюць, што загінулы — 19-гадовы Аляксандр Хадкевіч з Полацку. Гібель салдата паводле інфармацыі Мінабароны адбылася ў выніку парушэння патрабаванняў бяспекі пры эксплуатацыі тэхнікі. У суполцы са спасылкай на таварышаў па службе ўдакладняюць, што Хадкевіч трапіў паміж двух БМП.
Згодна з інфармацыяй на старонцы Аляксандра Хадкевіча ён праслужыў амаль год — хлопца забралі ў войска лістападзе 2015 года. У ліпені 2016 года ён ужо паспеў пабываць у адпачынку ў Полацку.
Што тычыцца месца службы, то ў сацсетцы «Вконтакте» Хадкевіч быў у суполцы вайсковай часткі №71327 — гэта асобная гвардзейская Мікалаеўска-Будапешцкая Чырвонасцяжная ордэна Суворава II ступені механізаваная брыгада. 12 верасня гэта воінскае злучэнне адзначыла сваё 75-годдзе.
Цяпер па факце гібелі 19-гадовага вайскоўца тэрміновай службы праводзіцца праверка. Міністэрства абароны ў сваім паведамленні выказала спачуванне родным і блізкім салдата і паабяцала аказаць дапамогу ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Паводле news.vitebsk.cc