У тэлеграм-канале BYPOL з'явіўся допіс, у якім гаворыцца аб звальненні «самапрызначанага» кіраўніка Азарава

У тэлеграм-канале аб'яднання былых сілавікоў BYPOL з'явіўся допіс, у якім ад імя калектыву арганізацыі гаворыцца аб выключэнні са складу ініцыятывы Аляксандра Азарава і іншага супрацоўніка, Станіслава Лупаносава. Нагадаем, раней Азараў заявіў аб звальненні з BYPOL групы супрацоўнікаў, якія адмовіліся праходзіць праверку на паліграфе, пры гэтым адзін з байполаўцаў, Мацвей Купрэйчык, нібыта «прыхапіў» паролі ад сацсетак і ютуб-канала аб'яднання.

Фота: BYPOL

Фота: BYPOL

«Аб'яднанне сілавікоў Беларусі BYPOL, каб пазбегнуць непаразуменняў, вымушана давесці наступную інфармацыю, — гаворыцца ў паведамленні. — Аляксандр Азараў не з'яўляецца і ніколі не быў заснавальнікам альбо кіраўніком BYPOL, створанага 20 кастрычніка 2020 года. Фонд BYPOL быў створаны 26 мая 2021 года ў якасці тэхнічнага элемента функцыянавання BYPOL. Азараў быў прызначаны прэзідэнтам гэтага фонду для выканання фармальных функцый. Таксама ўказаная асоба з'яўлялася адной з «медыйных персон» BYPOL».

Адзначаецца, што калектыў BYPOL «не вылучаў кандыдатуру Азарава ў якасці прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі».

«У цяперашні час супрацоўнікамі BYPOL праводзіцца ўнутранае разбіральніцтва адносна правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацый вышэй названага фонду (спадзяемся, вы зразумелі, што хаваецца за гэтай «абцякальнай» фразай). Пры гэтым намінальныя заснавальнікі фонду BYPOL — Азараў і Лупаносаў — у парушэнне нарматыўных дакументаў адмаўляюцца прадастаўляць фінансавую справаздачнасць, нават па пісьмовых запытах афіцыйных членаў праўлення фонду», — гаворыцца ў заяве.

Падкрэсліваецца, што «вось ужо чатыры дні самапрызначаны «кіраўнік» BYPOL хаваецца ад калектыву, не з'яўляецца ў офіс, спрабуе рассылаць у СМІ недакладную інфармацыю ў дачыненні да супрацоўнікаў».

«Мы не хацелі выносіць названыя праблемныя пытанні за межы калектыву BYPOL. З мэтай недапушчэння дыскрэдытацыі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, прадстаўніком якога Азараў пакуль з'яўляецца, і іншых беларускіх дэмакратычных структур пісьмова праінфармавалі аб сітуацыі, якая склалася, Офіс Святланы Ціханоўскай і АПК. Аднак, наколькі нам вядома, Азараў адмовіўся пачуць «голас розуму» і канструктыўна супрацоўнічаць па цывілізаваным урэгуляванні сітуацыі», — сцвярджаецца ў допісе.

«У сувязі з працягам Азаравым і Лупаносавым дэструктыўнай дзейнасці, выяўленымі парушэннямі з іх боку патрабаванняў бяспекі 07 чэрвеня 2023 года калектывам аб'яднання сілавікоў Беларусі BYPOL прынята рашэнне аб выключэнні названых асоб са складу гэтай грамадскай арганізацыі», — падсумоўваецца ў паведамленні.