Азараў: BYPOL страціў некалькіх супрацоўнікаў і доступ да свайго ютуб-канала і сацсетак

Кіраўнік арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў выпусціў відэа, у якім распавёў аб звальненні з арганізацыі групы супрацоўнікаў, а таксама аб страце доступу да ютуб-канала  і сацсетак структуры. Відэа з Азаравым апублікаваў тэлеграм-канал «МКБ — Мая краіна Беларусь».

Аляксандр Азараў. Скрыншот «Еўрарадыё»

Аляксандр Азараў. Скрыншот «Еўрарадыё»

У сваёй заяве Азараў кажа, што звальненне супрацоўнікаў выклікана тым, што яны адмовіліся праходзіць праверку на паліграфе. Сярод звольненых — адзін з «медыйных» твараў арганізацыі Мацвей Купрэйчык.

Паводле слоў кіраўніка ByPol, менавіта Купрэйчык нібыта датычны да страты доступу да ютуб-канала і сацсетак, бо, сыходзячы з працы, «прыхапіў з сабой» усе паролі.

Азараў звярнуўся да грамадскасці з тым, каб людзі напісалі наўпрост былому супрацоўніку і папрасілі яго «вярнуць тое, што яму не належыць». Сам кіраўнік таксама заклікаў калегу зрабіць гэта, бо BYPOL — «гэта не ты і твае сябры», «гэта Беларусь, гэта частка 2020 года і частка нашага ДНК».

Адмова ж прайсці паліграф, якая прывяла да звальненняў, паводле слоў Азарава, выклікала да супрацоўнікаў «недавер і падазрэнні». У сваім выступленні кіраўнік ініцытывы нават не выключае супрацоўніцтва Купрэйчыка з лукашэнкаўскімі спецслужбамі, але ўдакладняе, што сцвярджаць гэтага не можа.

Пры гэтым Азараў запэўніў, што апошнія падзеі ў BYPOL нічым не пагражаюць удзельнікам плана «Перамога».

Ён адзначыў, што «дадзены чалавек адміністраваў выключна медыя-праекты BYPOL, ніякага дачынення да плана «Перамога» і доступу да гэтай непублічнай часткі працы BYPOL ён не меў».

«Такім чынам, усе ўдзельнікі плана «Перамога» могуць спаць спакойна: гэты чалавек не быў дапушчаны да сур'ёзных спраў і даных нашай арганізацыі», — сказаў Азараў.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года BYPOL пакінуў іншы вядомы ўдзельнік, экс-работнік пракуратуры Алег Талерчык.