Кіраўнік BYP*L абяцае працяг партызанскіх дзеянняў, а Лукашэнка склікае нараду сваіх генералаў

Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах чулі два выбухі. У BYP*L паведамілі, што быў пашкоджаны расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. У мясцовых чатах пісалі пра канцэнтрацыю вайскоўцаў «з аўтаматчыкамі», праверках машы, што праязджалі міма, абыходах супрацоўнікамі АМАП мясцовых жыхароў.

Фота: The Insider

Фота: The Insider

Кіраўнік ByP*l Аляксандар Азараў расказаў Сваб*дзе некаторыя падрабязнасьці гэтай акцыі. Ён кажа, што ў пэўны час пасьля ўзмацненьня рэпрэсій і стрэлаў пры затрыманьні некаторых партызанаў ByP*l спыніў «рэйкавую вайну», але сталі працаваць на іншых кірунках.
«Падрыхтаваць акцыю займае 3-4 месяцы. Трэба ж праводзіць выведку, паглядзець, адкуль падысьці. У нас было шмат варыянтаў. Адна акцыя не атрымліваецца, бяромся за іншую. І вось такім чынам нашы партызаны знайшлі такі цікавы аб’ект. Вядома, таксама падказваем партызанам, але і яны ў залежнасьці ад сваіх магчымасьцяў прапаноўваюць аб’екты. Выходзіць, такая сумесная праца», — расказвае Аляксандар Азараў.
Па словах суразмоўцы, гэты самалёт у Мачулішчах быў флягманскім у расейскім войску. Ён праводзіў выведку ўкраінскай тэрыторыі. Разам зь ім у паветра падымаліся гіпэргукавыя ракетныя комплексы «Кінжал». І менавіта А-50 наводзіў «Кінжалы» на тыя аб’екты, якія яны абстрэльвалі.
«Паведамляюць, што такіх самалётаў усяго дзевяць у Расеі, я нават чытаў, што іх менш — 4. Кожны такі самалёт каштуе 330 мільёнаў даляраў. Вядома, нельга сказаць, што мы вырашылі ўзарваць рэзыдэнцыю Лукашэнкі. Што атрымліваецца, тое і робім. Усё моцна залежыць ад абставін».


Расейскі сайт «Царьград» паведаміў, што атаку на самалёт А-50 зьдзейсьнілі адразу шэсьць дронаў, большасьць зь якіх былі зьбітыя на падлёце да аб’екта.
«Колькасьці дронаў мы пакуль называць ня будзем. Але я пацьвярджаю, што гэта была атака дронамі. Хай спэцслужбы самі працуюць і паспрабуюць вызначыць, колькі іх было», — расказвае Аляксандар Азараў.

Па словах суразмоўцы, падрыхтаваць эвакуацыю людзей, якія ў гэтым удзельнічалі, было самым важным і складаным у гэтай сытуацыі. Азараў ня хоча расказваць падрабязнасьці эвакуацыі.


Вядома, што ў акцыі бралі ўдзел усяго некалькі ўдзельнікаў, таму беларускія спэцслужбы не змаглі нічога пра яе дазнацца.
«Я асабіста пакуль не размаўляў з удзельнікамі гэтай акцыі пасьля таго, як яны ўжо выехалі за мяжу. Яны цяпер у бясьпецы, так што цяпер усё нармальна», — расказвае Сваб*дзе Азараў.
«Нашы людзі ёсьць у розных месцах»
Беларускія афіцыйныя СМІ і праўладныя блогеры пакуль ніякім чынам не камэнтуюць таго, што здарылася ў Мачулішчах. Няма паведамленьняў, што гэта фэйк, але і пацьверджаньняў таксама няма.
«Ім страшна — гэта моцны ўдар па іміджы Лукашэнкі і расейскага войска. Мне здаецца, што гэта можа падкасіць упэўненасьць лукашыстаў у перамозе Расеі. Яны ня ведаюць, што рабіць з гэтым усім, ці даваць інфармацыю», — мяркуе кіраўнік ByP*l.
На ягоную думку, улады цяпер могуць знайсьці «крайняга». Як меркаваную ахвяру ён называе камандзіра вайсковай часткі, якога могуць абвінаваціць у халатнасьці.
«Не выключаю, што могуць затрымліваць актывістаў, і прыпісваць ім удзел у пляне „Перамога“», — кажа Азараў. Вядома, што сілавікі правялі ўжо рэйд у Мачулішчах, у выніку якога затрымалі мясцовую жыхарку Крысьціну Максіменку, пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Тым часам Лукашэнка, абмеркаваўшы фінансаванне ваенных закупак, сабраў нараду з вузкім колам сілавікоў.
У кабінет Лукашэнка запрасіў дзяржсакратара Савета бяспекі, міністраў унутраных справаў і абароны, старшыняў КДБ і Памежнага камітэта.
Якія пытанні абмяркоўваюцца на нарадзе, пакуль не паведамляецца.