У шпіталі памёр мужчына з Берасця, у якога сілавікі стрэлілі на пратэстах

У ваенным шпіталі Мінску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Пра гэта TUT.BY распавялі сваякі берасцейца. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.

Генадзь Шутаў памёр у шпіталі сёння, 19 жніўня, у 10.20.

Генадзь Шутаў памёр у шпіталі сёння, 19 жніўня, у 10.20.


Сваякі мужчыны кажуць, што размаўлялі з відавочцамі і тыя распавядалі, што Генадзь не біўся, не канфліктаваў — проста ішоў. Стрэл, які ён атрымаў, быў, лічаць людзі, з якімі гаварылі родныя, зроблены з даху будынка.
Сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя Шутава. Высветлілі, што яго даставілі спачатку ў Брэсцкую абласную бальніцу, а затым верталётам пераправілі ў ваенны шпіталь у Мінск. Дачка Людміла распавядала TUT.BY што ў бацькі агнястрэльная траўма, "пашкоджанні мозгу цяжкія і шырокія, лекары не даюць ніякага прагнозу".
У МУС паведамілі, што ў Берасці ўвечары 11 жніўня міліцыя страляла ў пратэстоўцаў з агнястрэльнай зброі на паразу. Па даных міліцыі, ёсць паранены. Мелі яны на ўвазе Генадзя Шутава, невядома.
Міліцыя ўдакладняе, што на паразу стралялі для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў ад "групы агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках", калі тых не спынілі папераджальныя стрэлы ўверх.
9-11 жніўня ў хуткую і бальніцы Брэста звярнуліся каля 100 чалавек з ударамі мяккіх тканін, траўмамі рук і ног, грудной клеткі, жывата. Шпіталізавалі 23 чалавекі, некаторым з іх спатрэбіліся аперацыі.
Нагадаем, увечары пасля выбараў і на наступны дзень у Брэсце адбыліся масавыя пратэсты гараджан і сутычкі з міліцыяй.
Генадзь — трэцяя ахвяра акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Першай стаў Аляксандр Тарайкоўскі, які загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі акцыю пратэсту. У пасведчанні аб смерці паказана, што асноўная прычына смерці Аляксандра —  "адкрытая рана грудной клеткі", ён памёр ад масіўнай страты крыві. У МУС раней заяўлялі, што Тарайкоўскі хацеў кінуць выбуховае прыстасаванне ў сілавікоў, але яно выбухнула ў яго ў руцэ, з-за чаго мужчына і памёр. Аднак відавочцы распавядалі, што ў мужчыны ў руцэ нічога не выбухала. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.
Днямі ў Гомелі пахавалі 25-гадовага Аляксандра Віхора. Маладога чалавека затрымалі ў Гомелі 9 жніўня, калі ён ехаў да сваёй дзяўчыны. З гэтых часоў родныя шукалі сына некалькі дзён, але так і не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі. Прыязджалі ў РАУС, дзяжурылі да ночы пад ІЧУ. А 12 жніўня, калі ля ізалятара высветліць нічога пра сына так і не ўдалося, прыехалі ў РАУС пісаць заяву аб знікненні чалавека. І толькі тады стала вядома — сына яшчэ з 11 жніўня няма ў жывых.