У Гродне суд спыніў вытворчасць па адміністрацыйных справах затрыманых падчас акцый пратэсту
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 18 жніўня прайшлі чатыры судовыя паседжанні над затрыманымі падчас вулічных паслявыбарчых пратэстаў. Суддзя Дзяніс Раманішка спыніў вытворчасць па адміністрацыйных справах у сувязі з адсутнасцю фактаў парушэння, паведамляе блог s13.ru.
Удзельнікі адміністрацыйнага працэсу — затрыманыя падчас вулічных пратэстаў 10-11 жніўня паблізу Гродзенскай абласной філармоніі. Яны абвінавачваліся па частцы 1 артыкула 23.34 Каап РБ – парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Сваю віну затрыманыя не прызналі — у акцыях не ўдзельнічалі, пратэстнай атрыбутыкі не было, лозунгаў не выкрыквалі, заяўлялі яны.
19-гадовы Віктар у момант затрымання разам з сябрамі знаходзіўся ў аўтамабілі, які стаяў ля ўзбочыны недалёка ад філармоніі. Разам з ім у машыне знаходзілася трое яго сябры і мама аднаго з іх. Яны спыніліся, бо вырашылі перачакаць затор, які ўтварыўся ля кальца на скрыжаванні вуліц. У гэты момант, распавядае на судзе Віктар, яны ўбачылі, як натоўп людзей пачаў бегчы кудысьці, а за ім — амапаўцы.
— Калі амапаўцы прабягалі міма нашай машыны, яны спыніліся і пачалі крычаць, маўляў, адчыняй, або мы акна разаб'ем. Кіроўца, мама аднаго з пасажыраў, адчыніла дзверы і нас пачалі па адным даставаць адтуль. Амапаўцы лаяліся матам і білі нас. Кінулі ў аўтазак і завезлі ў ІЧУ на Гая. Там мы прабылі да раніцы наступнага дня.
Гэта паўторнае судовае пасяджэнне. Першае адбылося ў адміністрацыйным корпусе ІЧУ. Тады Віктар хадайнічаў аб выкліку сведак на суд. Суддзя хадайніцтва задаволіў. У якасці сведак былі сябры, які ў момант затрымання былі ў аўтамабілі (ім, дарэчы, на выязным пасяджэнні далі адміністрацыйныя штрафы), і мама. Яны распавялі, што не ўдзельнічалі ў масавым мерапрыемстве, не мелі пры сабе ніякай пратэстнай атрыбутыкі, не сігналілі і ніяк не выказвалі сваіх палітычных поглядаў.
З пратаколу справы, які зачытаў суддзя, вынікае, што Віктар "прыняў актыўны ўдзел у масавай акцыі, публічна выказваў свае палітычныя погляды". Сведкі з боку міліцыі на суд не з'явіліся. Прычына — невядомая.
Яшчэ адно судовае пасяджэнне прайшло над Віталём са Скідзеля. 10 жніўня ён планаваў трапіць у цэнтр горада, каб з майстэрні забраць тэлефон жонкі. Але, убачыўшы, што кола на філармоніі было перакрыты ДАІ, вырашыў прыпаркаваць машыну ля абочыны і пайсці пешшу.
— Толькі выйшаў з машыны, як пачуў: стаяць, не рухацца, рукі за спіну! Мяне скруцілі, прымусілі нізка апусціць галаву і кінулі ў аўтазак.
Далей усё было паводле стандартнага сцэнару: затрыманага білі і прымушалі прызнацца ва ўдзеле пратэстаў. На выязным пасяджэнні Віталь хадайнічаў аб выкліку сьведкі ў суд – майстра, які павінен быў аддаць яму тэлефон. Суддзя хадайніцтва задаволіў.
На паўторным судзе сведка пацвердзіў той факт, што ў гэты дзень Віталь павінен быў забраць мабільны тэлефон. Паколькі ўсе крамы, кафэ і майстэрні ў гэты дзень зачыняліся рана, сустрэцца дамовіліся ў драмтэатра.
З пратаколу справы, са слоў міліцыянтаў, вынікае, што Віталь «актыўна прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і выказваў свае палітычныя погляды». На суд міліцыянты не прыйшлі.
45-гадовы Альберт у дзень затрымання вяртаўся дадому на вуліцу Савецкіх памежнікаў — да гэтага быў у гасцях у сваёй сястры. Паколькі грамадскі транспарт у гэты час не хадзіў, ішоў пешшу. Ён таксама быў затрыманы атрадам АМАПа і жорстка збіты. Мужчына правёў у ІЧУ ноч. На судзе ў якасці сведкі выступіла яго сястра. Сведкі-міліцыянты, якія сцвярджалі, што Альберт "удзельнічаў у акцыі і выказваў сваю пазіцыю", на суд не прыйшлі.
Машыну яшчэ аднаго затрыманага ў гэты вечар гарадзенца супрацоўнікі АМАП адкрылі, калі яна стаяла на чырвоным сігнале святлафора. У машыне было чацвёра сяброў, усе яны вярталіся дадому. Маладых людзей амапаўцы вывелі з машыны і пагрузілі ў аўтазак. У ІЧУ на Гая яны правялі ноч. На судзе распавялі, якім катаванням падвяргаліся пры затрыманні. Сваю віну затрыманы гродзенец не прызнаў. Сведкі, сябры затрыманага (ім, дарэчы, яшчэ на Гая вынеслі адміністрацыйную пастанову ў выглядзе штрафаў) сцвярджалі, што не прымалі ўдзелу ў акцыі. Міліцыянты, якія заяўлялі іншае, на суд не прыйшлі.
Суддзя Дзяніс Раманішка, выслухаўшы паказанні абвінавачаных, сведак і вывучыўшы матэрыялы справы, прыняў рашэнне спыніць вытворчасць па адміністрацыйнай справе ў сувязі з адсутнасцю факту парушэння ў дзеяннях затрыманых.
Як паведамляе «Гродзенская праўда», судамі Гродзенскай вобласці ў перыяд з 10 па 12 жніўня разгледжана каля 1200 адміністрацыйных матэрыялаў, з якіх каля 700 — у судах Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада Гродна. У большасці сваёй справы ставяцца да артыкула 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, а менавіта — парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.