У Рыгора Кастусёва пагоршылася здароўе ў СІЗА КДБ

Палітвязень Рыгор Кастусёў адзначае, што яго здароўе пагоршылася за той час, пакуль ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паведамляе «Deutsche Welle».

kostusev_20_07.jpg

«Доктар мне робіць абязбольваючыя ўколы, хоць лягчэй у гэтым плане. Хоць сплю начамі. За мінулы тыдзень толькі адну ноч былі прыступы, але з мачой пачала ісці кроў, заўважыў з чацвярга. Усё больш і больш, што гэта і чаму — пакуль невядома», — піша Кастусёў у сваім лісце да дачкі Кацярыны. Яна атрымала яго некалькі дзён таму.

У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні яго сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. У СІЗА ў Кастусёва ўзялі аналізы і правялі некалькі абследаванняў, але больш ніякіх дзеянняў не рабілі.

Паводле слоў дачкі палітвязня, яе бацьку патрэбная аперацыя, пра што ідзе размова яшчэ з лета. Той факт, што вынікі аналізаў трымаюць у сакрэце, з'яўляецца парушэннем закону, мяркуе Кацярына.

Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, або ігнаруюцца. Пад вартай лідар БНФ знаходзіцца ўжо паўгода, яго затрымалі па справе «аб замаху на Аляксандра Лукашэнку», адзначае «Еўрарадыё».