Палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк не аддаюць лісты і перадачы. Таксама ў яе няма цёплых рэчаў

Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі з 3 студзеня. Цяпер яна адбывае пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. Там яе ўжо тры разы за паўтара месяца змяшчалі ў ШІЗА.

1f9e4407_1cde_4776_b5ee_b47f56dd0b31_cx0_cy26_cw0_w1023_r1_s.webp

Муж Паліны Андрэй Шарэнда, які з'ехаў ад пераследу з Беларусі, сказаў «Свабодзе», што ціск на яго жонку працягваецца.

«Дакладна ведаю, што ў Паліны было чатыры парушэнні і мінімум тры разы яе за гэта змяшчалі ў ШІЗА.

Першыя два парушэнні — за адмову падпісваць прашэнне аб памілаванні. Дакладней, яна проста скамячыла гэтыя паперы і выкінула іх.

Трэцяе парушэнне — за тое, што яна нібыта размаўляла і была ў нейкіх зносінах з некім з палітзняволеных.

А фармальная прычына чацвёртага — тое, што Паліна нібыта трымала рукі ў кішэнях. Але зразумела, што гэта проста псіхалагічны і фізічны ціск, які далей працягваецца, таму што трэба помсціць за яе стойкую грамадзянскую пазіцыю».

Паводле слоў Андрэя, апошні раз Паліну Шарэнда-Панасюк каралі ШІЗА ў канцы верасня.

«Адвакат іншай палітзняволенай перадаў, што Паліна ўсе ж такі выйшла адтуль 6 кастрычніка», — кажа суразмоўца.

Аднак ён падкрэслівае, што ад самой Паліны ніякіх пацвярджэнняў гэтай інфармацыі не было, бо лістоў ад яе няма ўжо амаль месяц. Паводле Андрэя, адваката да яго жонкі пакуль не пускаюць.

«Сказалі, няма магчымасцей. І толькі, здаецца, на гэтым тыдні ён зможа да Паліны трапіць», — кажа актывіст.

Андрэй Шарэнда кажа, што некаторы час таму Паліна пісала заяву на прыём перадачы, але атрымаць яе так і не змагла.

«Мы два тыдні збіралі так званую "рэжымную рэчавую перадачу", якая важыла 35 кг з дазволеных 50. Аднак яна вярнулася з закрэсленымі адрасамі і паметкай "не паложана". Пакуль незразумела, што там здарылася, але фактычна Паліну пазбавілі лістоў і перадач. Яна цяпер сядзіць без шматлікіх рэчаў. На двары холадна, ужо зіма хутка, а ў яе няма ні цёплага адзення, ні абутку, нічога», — кажа Андрэй Шарэнда.

Маці двух малалетніх сыноў, актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі на пачатку 2021 года. Вырак ёй агучылі 9 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Брэста.

За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Аляксандра Лукашэнкі і іншых службоўцаў суддзя Яўген Брэган пакараў жанчыну 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Яе таксама абавязалі выплаціць 4500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды траім міліцыянтам. 

Паліна Шарэнда-Панасюк двойчы адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні.

Нядаўна стала вядома, што адміністрацыя гомельскай жаночай калоніі, дзе Паліна адбывае пакаранне, паставіла яе на прафілактычны ўлік як «асобу, схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяў».