«Атмасфера святочная, усе вакол усміхаліся». У Мінску пачалі судзіць за ўдзел у пратэстах салістаў IRDORATH
Суд Савецкага раёна Мінска 9 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы палітвязняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH Уладзіміра і Надзеі Калач. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу такіх дзеяннях, а таксама фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 2 арт. 342 КК), распавядае «Вясна».
Справу разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін,
дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Вольга Емяльянчанка.
Мужа і жонку Уладзіміра і Надзею Калач і яшчэ 14 чалавек
затрымалі 2 жніўня 2021 года на святкаванні дня нараджэння Надзеі.
Спачатку ўсім ставілася ў віну непадпарадкаванне
супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КоАП) за тое, што не адкрылі вароты дома пад
Мінскам. А потым стала вядома, што на шасцярых з іх завялі крымінальныя справы.
Да суду Уладзімір і Надзея ўтрымліваліся ў СІЗА №1 Мінска.
Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні мінулага
года група «дудароў» неаднаразова ўзначальвала калону пратэстоўцаў і
з выкарыстаннем музычных інструментаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце
грамадзян. Перформанс каардынатараў узмацняў пратэстны настрой удзельнікаў і
штурхаў іх да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да міліцыянтаў».
Згодна з матэрыяламі следства, Уладзіміра і Надзею Калач
абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, відавочным непадпарадкаванні законным патрабаванням
прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, учыненым групай
асоб па папярэдняй змове. У справе некалькі эпізодаў — удзел у маршах пратэсту 16
жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка 2020 года.
«Атмасфера была святочная, усе ўсміхаліся»
Уладзімір Калач растлумачыў у судзе, што 16 верасня, даведаўшыся з сацыяльных сетак аб маючым адбыцца Маршы, прыняў рашэнне разам з Надзеяй далучыцца да яго. Яны стэлефанаваліся з музыкам Дзмітрыем Шыманскім.
«Паколькі мы заўсёды выступалі і выступаем супраць
гвалту, узялі з сабой дуды і ўпрыгожылі іх кветкамі, каб падкрэсліць мірны
характар шэсця. Сустрэліся каля плошчы Якуба Коласа з сябрамі, якія таксама
ўзялі музычныя інструменты — дуды, гітары, барабаны. Падышлі Пётр і Юля Марчанка
(палітвязні Пётр і Юлія Марчанка затрыманыя разам з мужам і жонкай Калач,
чакаюць суда).
«Ніякай агрэсіі не было, атмасфера святочная, усе вакол
ўсміхаліся. Усе разам прайшліся па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі,
потым па Пераможцаў калона пайшла да стэлы. Патрабаванняў і папярэджанняў аб
незаконнасці акцыі не чуў, паколькі гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты і
людзі вярнуліся ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазіцыю Цоя «Перамен»», а потым разышліся», — распавёў ён у судзе.
Па падзеях 25 кастрычніка Уладзімір Калач адзначыў, што гэта быў
выходны дзень, людзі ішлі па вуліцы Янкі Купалы і Багдановіча, рух не
перакрывалі. Музыкі ішлі ў пачатку калоны, выконвалі кампазіцыі і грамадскі
парадак не парушалі.
І Уладзімір, і Надзея віну ў судзе прызналі толькі паводле
ч. 1 арт. 342; паводле ч. 2 — навучанне і фінансаванне асоб для ўдзелу ў групавых
дзеяннях — не прызналі.
«Выйшла, таму што выступаю супраць гвалту»
Надзеі Калач ставяцца ў віну тры эпізоды: удзел у акцыях пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка.
У ходзе допыту ў судзе яна гаварыла, што аб мерапрыемстве
даведалася з сацыяльных сетак, ведала, што шмат затрымлівалі людзей на
папярэдніх акцыях, ведала аб гвалце, які сілавікі ўжываюць пры разгонах.
«16 жніўня мы вырашылі далучыцца да Маршу, з сябрамі пра
сустрэчу папярэдне не дамаўляліся, ўбачыліся ужо на плошчы Якуба Коласа. Ніякіх
лозунгаў не выкрыквала, у далоні не пляскалі. Усвядоміла, што прымаю ўдзел у
несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, не адразу, ды і то лічыла, што гэта
падлягае адміністрацыйнай адказнасці ў горшым выпадку», — казала яна ў
судзе.
Паказанні надзеі Калач мала чым адрозніваюцца ад паказанняў
яе мужа Уладзіміра.
За час знаходжання пад вартай, а гэта чатыры з паловай
месяцы, у жанчыны пагоршыўся стан здароўя, яна мае патрэбу ў хірургічным
умяшанні.
Суддзя Якунчыхін паведаміў, што ў суд паступіў матэрыяльны
пазоў ад прадпрыемства «Мінсктранс», і абвясціў перапынак для прыняцця
пастановы і азнаямлення бакоў з пазовам.
У другой палове дня быў дапытаны сведка па справе, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы.