Толькі ў Мінску ў суд перададзена больш за 450 крымінальных спраў аб экстрэмізме
Мінскія следчыя ўжо накіравалі ў суд 454 крымінальныя справы аб экстрэмізме, паведамляе sb.by са спасылкай на начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргея Паско. Абвінавачанні па гэтых справах выстаўленыя 531 чалавеку. Акрамя таго, у вытворчасці ў следчых знаходзіцца яшчэ каля 250 такіх крымінальных спраў.
Паско патлумачыў такую колькасць экстрэмістаў у Мінску
дзейнасцю тэлеграм-каналаў і даверлівасцю простых грамадзян.
У Беларусі «як экстрэмізм кваліфікуюць папулярныя цяпер артыкулы аб распальванні сацыяльнай варожасці, апраўданні нацызму, закліках да звяржэння канстытуцыйнага ладу, спробах захопу ўлады, стварэнні экстрэмісцкай групоўкі і да таго падобнае. Акрамя таго, думаю, масавыя беспарадкі (артыкул 293 КК) таксама, імаверна, адносяць да экстрэмісцкіх саставаў», — казаў раней у інтэрв'ю Deutsche Welle юрыст-праваабаронца Аляксей Лойка. Такім чынам, ледзь не ўсе ўдзельнікі пратэстаў могуць трапляць пад вызначэнне «экстрэміст».
Паводле «Еўрарадыё».