Вынеслі прысуд палітвязню Яўгену Батуры
Сёння, 30 верасня, у Цэнтральным судзе Мінска суддзя Вікторыя Шабуня агучыла чарговы палітычны прысуд: палітвязня Яўгена Батуру асудзілі да 2 гадоў «хіміі» з накіраваннем.
Суд над Яўгенам Батурам пачаўся ўчора, 29
верасня. Частка яго была закрытай. Нагадаем, мужчыну абвінавачвалі паводле ч. 1
арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць
грамадскі парадак»). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 года.
Старшая памочніца пракурора Цэнтральнага
раёна Казлова запрасіла для палітвязня 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у
папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Яўген Батура віну прызнаў часткова, а ў
апошнім слове папрасіў пры прызначэнні пакарання ўлічыць асабістую сітуацыю,
якая для яго цяпер прыярытэтная: цяжарнасць жонкі і выяўленае анкалагічнае
захворванне ў бацькі.
Адвакатка палітвязня Таццяна Лішанкова прасіла апраўдаць яе падабароннага, паколькі ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства.
У выніку суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла Яўгену пакаранне ў выглядзе двух гадоў "хіміі".
Яго вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе, арышт з маёмасці знялі.
Жонка палітвязня Дзіяна Серадзюк пракаментавала прысуд:
— У мяне неадназначныя пачуцці. З аднаго боку — вялікая радасць, бо пасля трох месяцаў за кратамі муж вяртаецца дадому. Гэта стала выпрабаваннем для нас і, спадзяюся, не зламала, а толькі ўзмацніла. Вельмі хачу падзякаваць людзям, якія падтрымлівалі нашу сям'ю, — нават не ўяўляю, як бы ўдалося справіцца без іх.
Аднак, на жаль, на гэтым нічога не скончылася, і наперадзе — адбыццё пакарання. Я ўпэўнена, што мы годна пройдзем і гэты этап. Але нельга прызвычайвацца да таго, што і праз два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі людзей працягваюць жорстка караць за тое, што яны проста выказалі сваё меркаванне адносна палітычнай сітуацыі. Столькі асобных людзей і цэлых сем'яў пацярпелі і працягваюць цярпець ад палітычных рэпрэсій у цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі — гэта ненармальная сітуацыя, якая, на жаль, пакуль не мае вырашэння.
Яўген Батура — інжынер, які адпрацаваў 23 гады
на адным з вядучых прадпрыемстваў, але перад новым 2022 годам быў звольнены за
сваю грамадзянскую пазіцыю. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі па
адміністрацыйных справах.
Раніцай 29 чэрвеня ў дом да Яўгена Батуры
прыйшлі з ператрусам сілавікі. Самога Яўгена затрымалі спачатку на 10 сутак і
адвезлі на Акрэсціна. Сваякам сказалі, што падставай затрымання сталі падзеі
2020 года.
12 ліпеня, стала вядома, што Яўгена Батуру перавялі з Акрэсціна на «Валадарку». 31 ліпеня за кратамі Яўген сустрэў свой дзень народзінаў.