У Брэсце адбываецца шэсце супраць акумулятарнага завода
Як паведамляе тэлеграм-канал Баста, у Брэсце распачалася традыцыйная нядзельная акцыя супраць акумулятарнага завода.
Апоўдні 21 красавіка людзі сабраліся ў цэнтры Брэста на плошчы Леніна. Такія акцыі адбываюцца ўжо больш за год. Жыхары Брэста кормяць птушак, абмяркоўваюць апошнія навіны і свае далейшыя планы па супрацьстаянні акумулятарнаму заводу.
У сённяшняй акцыі, па словах журналістаў, прымае ўдзел звыш 250 чалавек. З плошчы Леніна людзі рухаюцца шэсцем па вуліцах гораду. Калона людзей павялічваецца, новыя ўдзельнікі далучыліся ў раёне вуліцы Савецкай. Людзі скандуюць «Не заводу!»
Па заканчэнні акцыі людзі сталі разыходзіцца групамі, каб не дазволіць міліцыі кагосьці затрымаць, як гэта ўжо неаднаразова адбывалася падчас акцый.