Тэракт 11 красавіка: трагедыя і недавер

Адносна нядаўна ледзь не пасварыўся з прыяцелем — грамадзянінам Ізраілю, які нарадзіўся і стала жыве ў Беларусі. Высветлілася, што тэракт 11 красавіка 2011 году ў Мінску, калі на станцыі «Кастрычніцкая» ў выніку выбуху загінулі 15 чалавек, яго інфармацыйна амаль не закрануў: «Так, было, так чуў, а што такога? Паўсюль тэракты бываюць. Я ў Ізраілі жыў, дык там гэта — бытавуха, агульны фон. Псіхаў паўсюль хапае».

terror02190411.jpg


11 красавіка я сядзеў кавярні і разважаў, ці ехаць на сустрэчу на метро ў гадзіну пік? Вырашыў ехаць, бо мог наземным транспартам трапіць у корак. Але афіцыянтка марудзіла з рахункам. Я звычайна на такія паводзіны рэагую, калі строга, калі з'едліва, калі з іроніяй. Гэтым разам падумаў — хай сабе, усіх не перавыхаваеш.

 

Калі заставаўся крок да эскалатару — бабахнула. Не моцна, хутчэй быў гучны хлапок. І едкага колеру (мне падалося — колеру хакі) густы пыл, які імгненна запоўніў сабою трубу-праход між турнікетамі наверсе і платформай унізе.


Усё доўжыла секунды, але расцягнутыя як у запаволеным кіно. Людзі разам прыселі, і досыць арганізавана, хутка, на паўсагнутых нагах, але без крыкў і штурханіны, падаліся назад.


Ужо ў падземным пераходзе журналісцкі рэфлекс спрацаваў, я дастаў смартфон і пачаў здымаць. Большасць не спынялася, і спяшалася да гары да выхаду на праспект Незалежнасці. Мне падавалася, што хуліганы кінулі дымавую шашку. І таму пагроза — у дыме.

 

Калі пасажыры вынеслі першую пацярпелу — жанчыну з параненай нагой, сталася зразумелым, што ўсё сур'ёзна.

 

...

Пад трохкроп'ем я маю на ўвазе, што не надта хочацца апісваць кроў, крыкі і жах, які панаваў навокал — адразу і пасля.

 

Хваля накрыла свядомасць толькі на трэці дзень — усведамленне, ад чаго быў у адлегласці ўсяго дваццаці секундаў язды на эскалатары. Перад тым, жыў як у сне, даваў інтэрвію, сачыў за навінамі, пераказваў знаёмым. Глядзеў па ТБ ўсіх магчымых краінаў свае ўласныя кадры, знятыя на смартфон і выстаўленыя ў YouTube.

 

Адразу па выхадзе на свежае паветра побач з універсамам “Цэнтральны” я зафіксаваў для сабе дзяўчыну, абсыпаную пылам. Яна крычала ў мабільны тэлефон: “Мама, мама, ну што ён ад нас яшчэ хоча?!.”

 

Неўзабаве ўсіх вельмі азадачыў той факт, што Аляксандар Лукашэнка прыбыў на месца тэракту вельмі хутка, яшчэ трупы не былі прыбраныя. Не толькі спецыялісты, але аматары кіно і літаратуры, ведаюць, што часта за першым тэрактам следуе другі. А Лукашэнка не толькі сам прыехаў, але прывёз з сабою малагадовага сына. Калі не браць маральны і псіхалагічны аспект — як можна дзіцю паказваць разарваныя трупы? — застаецца пытанне: адкуль такая ўпэўненасць у тым, што няма другога зараду?

 

Наступны месяц з кім бы я не гаварыў: з выпадковымі сустрэтымі ў грамадскіх месцах, шапачнымі знаёмымі, сябрамі, сваякамі, ці што б я не чытаў у сацсетках, я практычна не сустракаў упэўненасці ў версіі пра двух псіхапатаў, якія зрабілі тэракт.

 

У прынцыпе, людзі падзяліліся на тых, хто верыць уладзе і афіцыйным СМІ, і тых, хто за гады кіравання Лукашэнкі бачыў ці пасыптаў на сабе шматлікія факты хлусні. Але нават тыя, хто верыў уладам, сумняваліся.

 

 

Людзі нясуць кветкі і свечкі да станцыі метро «Кастрычніцкая», 20 красавіка 2011 г. Фота: bymedia.net

 

Многія нават былі гатовыя прыняць, што менавіта звінавачаныя хлопцы Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітры Канавалаў тэхнічна зрабілі тэракт, але працягвалі задавацца пытаннем — хто за ім стаць?

 

Мінск поўніўся версіямі пра тры варыянты:

 

1. Расейскія спецслужбы дэстабілізавалі сітуацыю, каб аслабіць Беларусь і зрабіць яе яшчэ больш падкантрольнай.

 

2. Беларускія спецслужбы спаборнічаюць за ўплыў ці, наадварот, спрабуюць дыскрыдытаваць ўладу.

 

3. Улада хоча аб'яднаць людзей перад абліччам супольнай бяды.

 

Звінавачаныя ў тэракце былі прызнаныя псіхічна здаровымі, а афіцыйная версія матыву — дэстабілізацыя сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

Пра задачы дэстабілізацыі — нічога.

 

Мой ізраільска-беларускі прыяцель мяне раз'юшыў сваёй абыякавасцю і верай у псіхаў, якія ў Беларусі падрываюць метро, ды яшчэ так, што іх адразу хапаюць.

 

Я параіў прыяцелю кнігу журналіста “Радыё Свабода” Алега Груздзіловіча “Хто ўзарваў Менскае метро?”, выдадзеную ў 2013 годзе. Відаць, мноства пытанняў без адказаў і відавочныя фактычныя нестыкоўкі падчас следства, прыведзеныя ў кнізе, прымусілі майго апанента змяніць пазіцыю, і прызнаць, што тэракт 11 красавіка — зусім не руціна.

 

 

terror07190411.jpg


Сорак сем раздзелаў кнігі пястраць загалоўкамі, якія ўтрымліваюць пытанні:

— Дзе ключавое відэа?

— Чаму тэрарыст адзін (другі праходзіў як памагаты), а бомбы дзве?

— Адкуль “лішнія” рэчавыя доказы?

— Ці білі арыштаваных?

— Ці быў куратар?

ды іншыя.

 

Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава расстралялі менш, чым праз год.

 

Гэта таксама адзін з фактаў, які выклікаў сумнеў у вялікай колькасці людзей. Хутка выкрылі, хутка сабралі доказную базу — і хутка прыбралі самых галоўных сведкаў. Следства скончылі да жніўня 2011 г., а звінавачаных расстралялі ў сакавіку 2012 г.

 

І цяпер застаюцца людзі, якія ўпарта працягваюць задаваць пытанне: хто стаіць за зніклымі палітыкамі канца 1990-х — пачатку 2000-х? Фактар недаверу: тады нікога не знайшлі, цяпер — на наступны дзень!

 

У гісторыі незалежнай Беларусі перад тым была трагедыя, якая змусіла менчукоў гаварыць паўшэптам не адзін дзень, і пазбягаць глядзець адзін адному ў вочы.

 

Гэта трагедыя на Нямізе 30 траўня 1999 г. Тады больш за 50 чалавек — найперш юнакоў — загінулі ў цісканіне ў падземным пераходзе станцыі метро “Няміга”. Прычына трагедыі — збег абставінаў. Раптоўная навальніца, вясёлы супольны прабег да бліжэйшага ўкрыцця, дзе чакала раптоўная для ўсіх смерць, калі людзі валіліся з прыступак адзін на аднаго.

 

11 красавіка 2011 году адкрыла новую старонку ў гісторыі Беларусі. Трагедыю арганізавалі і зрабілі людзі. Я шмат чуў і чытаў спачуванняў людзей з розных краінаў, у тым ліку з тых, дзе тэракты даўно не навіна: з еўрапейскіх, з Расеі і Ізраілю.

 

Казалі, маўляў, мы ведаем што гэта такое — боль, жаль і страх у звязку з тэрактамі. Толькі ёсць нюанс, які адрознівае Беларусь. У Мінску выбухоўку заклалі не ідэйныя фанатыкі.

 

А вось проста два 25- гадовыя хлопцы з Віцебску вырашылі дэстабілізаваць абстаноўку. І ўсё.

 

І ў большасці выпадкаў у тэрарэстычна небяспечных краінах грамадзяне давяраюць уладам, прынамсі, што да ацэнак падзеяў.

 

У Беларусь, відаць, ключавое слова — недавер.

 

У наступным месяцы 2011 г. пачаўся рэзкі абвал беларускай эканомікі, нацыянальная валюта за кароткі перыяд патаннела ў тры разы — хаця ўлады з дня на дзень цвердзілі пра непарушнасць айчыннай фінансавай сістэмы. Увага людзей пераключылася на ўласнае матэрыяльнае выжыванне, а палову лета абураныя жыхары Беларусі выходзілі з маўклівымі акцыямі пратэсу, за што іх улада дзясяткамі кідала за краты.

 

Асабста для сябе я адзначыў, што беларусы чамусьці не надта здзівіліся драматычным падзеям.

 

У кожным выпадку, калі заходзіць пра падзеі 11 красавіка 2011 году, я чамусьці найперш узгадваю абсыпаную попелам дзяўчыну, якая крычыць у слухаўку: “Мама, мама, ну што ён ад нас яшчэ хоча?!.”


journalby.com