Тамару Сяргей пазбавілі права кіраваць аўто
Да выплаты штрафу за несанкцыянаванае пікетаванне юрыстку Тамару Сяргей пазбавілі права кіраваць аўто.
Такую пастанову 28 кастрычніка прыняла суддзя суду Савецкага раёна Мінска Ларыса Тарчыліна па прадстаўленні судовага выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёну Юлі Краўчанкі.
Нагадаем, што 20 мая суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала Тамару Сяргей на 40 базавых велічынь (840 руб.) за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічным пляцы Волі зладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры. Пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны патрабавалі дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.
Каб спагнаць штраф з праваабаронцы, судовыя выканаўцы спачатку двойчы паспрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, а затым наклалі арышт на яе жыллё.
Трэба мець на ўвазе, што юрыстку не выклікалі на судовае паседжанне па пазбаўленню права кіраваць аўто і, такім чынам, яна была пазбаўлена канстытуцыйнага права на абарону ў судзе.
У якасці падставы для свайго рашэння Ларыса Тарчыліна выкарыстала дадзеныя пасажырапатоку пра тое, што Тамара Сяргей перыядычна ажыццяўляе выезд за межы Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым суд прыйшоў да высновы пра наяўнасць у даўжніцы дастатковых грашовых сродкаў і мажлівасці аплаціць ускладзены на яе штраф, які павінен быць унесены вінаватым бокам ў самы кароткі тэрмін.
У каментары “Новаму Часу” праваабаронца назвала пастанову суддзі Ларысы Тарчылінай не толькі незаконнай, але і абсурднай, бо дадзеная гвалтоўная мера забяспечвае ўплату штрафу дзяржаве. “Аднак штраф ужо сплочваецца тры месяцы праз утрыманні з маёй пенсіі, што знаходзіцца ў поўным распараджэнні дзяржавы. А выязджаць за межы чалавек можа з самых розных прычынаў”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.