Што б нам дало яднанне з Расіяй?
Дыскусіям пра магчымае далучэнне Беларусі да Расіі, градус якіх старанна падвышаецца маскоўскімі СМІ і праплачанымі беларускімі блогерамі, не хапае грунтоўнасці. Адны крычаць «не хочам!», другія крычаць «захочаце!». Аргументаў з усходняга боку два: большыя пенсіі і заробкі і пагашэнне наяўных пазык з лепшымі цэнамі на энерганосьбіты.
Але і тое, і другое — рэч тактычная. Яна можа цікавіць хіба што дзейнае кіраўніцтва Беларусі, якое само паставіла краіну ў сітуацыю, пры якой мы вельмі залежым ад цэнаў на нафту і газ, ды панабірала знешніх абавязкаў на $39 млрд. І як можна мяняць такую каштоўную і пазачасовую рэч, як незалежнасць, на нейкія хуткабежныя расклады? Грошы — яны сёння ёсць, заўтра — няма. А калі ўлез пад барына — гэта назаўсёды. Дык давайце паглядзім, ці можа Расія зацікавіць нас яшчэ нечым.
Навука і інавацыі
Кітайскі зонд толькі што высадзіўся на зваротным баку Месяца. СССР, а з ім і Расія, некалі зашпурлілі ў космас першага чалавека і былі піянерамі ў засваенні космасу. На жаль, сённяшні стан рускай навукі лепш за ўсё раскрываецца сюжэтам “дзірка ў МКС”. Калі вы не гледзіце тэлевізар — парупцеся зазірнуць у сюжэты расійскага тэлебачання, якія выходзілі з 10 па 30 верасня. Парадуйцеся таму, як змянялася інтанацыя, як шукаўся вораг. Як ад версіі пра тое, што “атверсціе” было пракалупанае яшчэ на Зямлі п’яным Васем і нядбайна замазанае эпаксідкай, рускія адмыслоўцы перайшлі да цвёрдай упэўненасці ў тым, што на іх напаў амерыканец-сабатажнік са спецыяльным касмічным дрылём. Прычым зрабіў гэта, сабака, калі расійскія астранаўты выходзілі са станцыі пакурыць. Ракеты, якія не ўзлятаюць. А калі ўзлятаюць — ляцяць не туды. Танкі, якія існуюць толькі на паперы ў выглядзе лічбаў засвоеных бюджэтаў. Прасран…я палімеры і Мядзведзеў з айпадам — вось што такое сённяшняя расійская навука.
Інфраструктура
Усю неабсяжную моц сучаснай расійскай інжынерыі можна адчуць на эпізодзе з пралётам чыгуначнага Крымскага моста, які падчас устаноўкі на апоры з’ехаў у ваду. Усю шматзначнасць слова “распіл”, якое сёння ў Расіі замяняе медыцыну, навуку, лагістыку, космас і г.д., можна адчуць па тым факце, што Крымскі мост быў застрахаваны на 1 млрд расійскіх рублёў кампаніяй КПСК, актывы якой складаюць 210 млн рублёў. У Беларусі таксама ёсць карупцыя, але ў Беларусі няма такіх буйных праектаў, якія дазваляюць красці адразу мільярды.
Дэмакратыя
Добра тое, што ў Расіі ўсё яшчэ ёсць выбары. Такога нахабства, каб у дзень галасавання, пасля тыдня “датэрміноўкі”, камісіі проста агучылі загадзя падрыхтаваныя пратаколы, тут не робяць. Але гэта не свабода, гэта іншыя тэхналогіі яе імітацыі. Згадайма хаця б “каруселі”, якія беларускаму ЦВК проста непатрэбныя. У астатнім Расія красуе як след: рэальныя крымінальныя тэрміны за рэпосты ў сацсетках, пакараныя турмой блогеры, манаполія не толькі ў эфіры, але і ў інтэрнэце, дзе рэй вядуць некалькі асабліва набліжаных магнатаў. Як кажуць, шыла на мыла. Прычым шыла хаця б сваё.
Правапарадак
Харошая рэч у тым, што Расія — краіна багатых людзей. Дрэнная — у тым, што гэтых багатых людзей у Расіі няшмат і яны вельмі нахабныя. Усе астатнія людзі ў параўнанні з алігархамі не маюць не толькі маёмасных і фінансавых, але і проста чалавечых правоў. У Беларусі Абрамовіча пасадзілі б яшчэ на этапе грамадскага абмеркавання памераў яхты (і гэта, дарэчы, дрэнна). У Расіі міністра эканамічнага развіцця Расіі Аляксея Улюкаева пасадзілі проста за тое, што той перайшоў дарогу багатаму чалавеку Ігару Сечыну з “Раснафты” (фармальнае абвінавачанне — хабар, які Сечын прынёс Улюкаеву ў кошыку з кілбасой). Дадайма да гэтага тое, што ў Беларусі сваіх багатых людзей няма, іх даўно перасаджалі. То безмяжак тут будуць насаджаць не свае, а запрошаныя алігархі.
Мір і спакой
Расія ўвесь час уваходзіць у ваенныя аперацыі далёка за сваімі межамі. Я б не хацеў страляць па людзях у Сірыі. Ці ў Грузіі. Ці пад Луганскам. Мір — адзін з нашых каштоўных здабыткаў, які вельмі проста страціць.
Месца Беларусі
Сапраўды, мы атрымалі сваю незалежнасць знянацку, не заплаціўшы за яе нацыянальна-вызвольным супрацівам, масавымі пратэстамі, не выпакутаваўшы гэтую свабоду крывёй. Але каштоўны здабытак ужо 28 гадоў з намі, ён належыць усёй краіне, кожнаму грамадзяніну ў нашай супольнасці. Уласныя грошы, уласная мова, свая адукацыя, пазначаная мяжа, самастойная эканоміка, тутэйшая, а не прызначаная з-за мяжы, улада — вось тыя рэчы, за якія мы мусім трымацца і адказнасць за здачу якіх ляжа цяжарам на ўсіх цяпер жывых. Беларусь — наша краіна. Будзем берагчы яе.
Стась Панятоўскі, budzma.by