Што аб’ядноўвае Качанаву, удаву Макея і Глеба?
Калі б прыбраць розьніцу ва ўзросьце, іх з лёгкасьцю можна ўявіць за адной партаю ў навучальнай установе. А дакладней – у Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі, як яна афіцыйна называецца. Кожны зь іх скончыў гэтую ВНУ і пайшоў па жыцьці. У дзень заснаваньня ўстановы зазірнем у гісторыю, хто з вядомых беларусаў рызыкнуў атрымаць дыплём менавіта там.
Паводле Пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 29 студзеня 1991 года была створаная Акадэмія кіраваньня пры Савеце Міністраў Беларусі. Як і ўсё ў нашай дзяржаве, чалавек, які атрымаў уладу ў 1994 годзе, ужо ў 1995-м зьмяніў падпарадкаваньне гэтай вышэйшай навучальнай установы. З таго часу назва Акадэміі служыць напамінам пра прэзыдэнта.
26 ліпеня 2004 года Лукашэнка Ўказам № 354 прызначыў Акадэмію ў якасьці асноўнай ВНУ для падрыхтоўкі чыноўнікаў паводле дзяржаўнай замовы, якая мелася ўзгадняцца з Адміністрацыяй прэзыдэнта
За гэты час студэнтамі адчулі сябе вельмі шмат чалавек. Спынімся на некаторых.
Вера Палякова-Макей
У 2020 годзе Вера казала: «Зусім нядаўна я атрымлівала трэцюю вышэйшую адукацыю на эканамічным факультэце Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь».
Удава папярэдняга міністра замежных справаў Уладзімера Макея за апошнія два гады прабілася ў эшалон акторскай эліты. Гэта, вядома, калі верыць рэжымным дыплёмам і званьням. У лютым 2022 года ёй нададзенае званьне Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь. Заслужыла, дык заслужыла. А праз пару месяцаў, ужо ў якасьці заслужанай была прызначаная дырэктарам Тэатра юнага гледача.
Яшчэ перад прызначэньнем яна заявіла, што спектаклі зь яе прыходам будуць не толькі па-беларуску, як было раней, але і на расейскай мове, каб заахвоціць расейскіх гледачоў. Закатала рукавы і пайшла з галавой у працу. Ужо 22 ліпеня 2022 года адбылася прэм’ера спектакля паводле «Альпійскай баляды» Васіля Быкава на расейскай мове.
Пасля сьмерці мужа Ўладзімера Макея напрыканцы лістапада 2022 года перастала весьці праграму «Наша раніца» на тэлеканале АНТ, а Тэатр юнага гледача страціў падтрымку праўладных бізнэсоўцаў. Трэба было нешта рабіць, і ў траўні 2023 года заявіла, што 30% расейскамоўных спектакляў у тэатры — недастатковая колькасьць, і яна плянуе давесьці іх да 50%.
Плян выканала і перавыканала. У кастрычніку 2023 года з 28 паказаў спектакляў у тэатры 15 было на расейскай мове.
Удава Макея пра гэта выказалася без згрызотаў сумленьня: «Па-першае, у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, і глядач павінен мець свабоду выбару. Па-другое, так палітычна склалася, што Расейская Федэрацыя — наш асноўны партнэр, і ў летні турыстычны сэзон у сталіцу прыедзе вялізная колькасьць расейцаў. Я хачу, каб яны таксама прыходзілі да нас з дзецьмі, а для гэтага спектаклі мусяць ісьці і на расейскай мове».
Свайму амаль калегу Паўлу Латушку Вера адрасавала ў 2021 годзе наступнае пасланьне: «Вайну Айчынную перажылі людзі і тэатар не страцілі. Вось гэта адзінае, што я яму ніколі не дарую – тое, што ён выцер ногі аб Купалаўскі тэатар, што разбурыў стогадовую гісторыю тэатра. Ён вывеў гэтых людзей і кінуў. Вось гэтага я яму не дарую ніколі. Так, яны не авечкі, яны, мусіць, разумелі, што робяць. І я не авечка, я 26 год жыла ў гэтай краіне пры гэтай дзяржаве (так і сказала – П. Х.), і я не лічу, што ўсё было так дрэнна. Тады хто я пасьля гэтага, дура з трыма вышэйшымі адукацыямі?».
Рытарычнае пытаньне.
Натальля Качанава
Хто прыйдзе на замену дыктатару? Апошнія гады сярод лукашэнкаўскай намэнклятуры імя Качанавай гучыць сярод асноўных кандыдатаў. Зрэшты, «маладое пакаленьне» рэжыму Лукашэнкі ўжо не такое і маладое. Калі самому ўзурпатару ў гэтым годзе споўніцца 70, дык «маладой і галоднай» Качанавай будзе 64.
У 2006 годзе яна скончыла Акадэмію кіраваньня пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і перайшла на працу ў Полацкі гарвыканкам. Пасьпела да свайго пэнсійнага ўзросту пакіраваць адміністрацыяй Лукашэнкі, пабыць намесьнікам прэм’ера, а на сёньня ўзначальвае так званую Раду Рэспублікі.
У 2020 годзе Качанава забітага Рамана Бандарэнку назвала п'яным і падтрымала загад Лукашэнкі аб зачыстцы стыхійнага мэмарыялу у памяць аб ім. Таксама яна заявіла прысутным чыноўнікам: «Грамадзянская вайна можа быць немінучая. У гэтым вы можаце не сумнявацца».
У тым жа 2020 годзе на сустрэчы са студэнтамі журфака БДУ адна са студэнтак спытала Качанаву: «Калі журналістаў рэпрэсуюць і затрымліваюць, хто будзе асьвятляць усё, што адбываецца?». Качанава дала шчыры адказ: «А навошта гэта асьвятляць?».
Аляксандар Глеб
Самы тытуляваны футбаліст у гісторыі Беларусі (а Аляксандар рэкордныя 6 разоў прызнаваўся футбалістам года ў нашай краіне) у 2013 годзе вырашыў паступіць у вышэйшую школу. Шматлікія калегі Глеба як у Беларусі, так і за межамі спрабуюць стаць трэнерамі. Аляксандар пайшоў па іншай дарозе, вырашыў стаць кіраўніком.
І вось у 2017 годзе былы футбаліст скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзідэнце Беларусі, а менавіта факультэт кіраваньня Інстытута кіроўчых кадраў. Спецыяльнасьць Глеба — «дзяржаўнае кіраваньне і права».
Тады Глеб казаў, што яму параілі гэта зрабіць сябры. «Вучыцца было няпроста, — распавядаў футбаліст. — У ВНУ выкладчыкі высокага ўзроўню, даводзілася сур’ёзна рыхтавацца. Спадзяюся, мае веды дапамогуць мне ў будучыні».
Ён прызнаўся, што пасьля завяршэньня кар’еры хоча паспрабаваць свае сілы ў спартовым мэнэджмэнце і юрыдычная адукацыя яму будзе дарэчы. Паводле яго слоў, «клясных спартовых юрыстаў не хапае ў Беларусі. Вельмі хачу вырасьці ў гэтым кірунку ў прафэсіянала высокага ўзроўню», — сказаў Глеб.
Глеб сапраўды падрос, толькі, магчыма, у іншых кірунках. Яшчэ нядаўна яго зьвязвалі з высокай (калі не самай высокай) пасадай у Беларускай федэрацыі футбола. Аднак там ці то артылерыст які пачне кіраваць, ці яшчэ які генэрал. Аляксандра туды ня ўзялі.
У 2020 годзе Глеб набыў зямельны надзел у «першай лініі» на беразе Менскага мора. Каб атрымаць зямлю ў элітным месцы, Глебу давялося пісаць ліст Лукашэнку. А ўдакладненьне межаў надзелу і афармленьне дакумэнтаў адбывалася з 6 да 13 жніўня 2020-га — якраз тады, калі ў Беларусі адбываліся прэзыдэнцкія выбары і жорсткі разгон масавых пратэстаў.
— Мне што, апраўдвацца перад кожным, які будзе пытацца: навошта мне белыя красоўкі, навошта мне чырвоныя штаны ці навошта мне надзел? Ну захацеў, і ўсё. Гэта мая мара была, — адказваў тады журналістам былы футбаліст.
«Трыбуна» тады правяла рассьледаваньне датычна новага набытку Глеба. Журналісты высьветлілі, што аўкцыёну на набыцьцё зямлі не было: Аляксандр Глеб атрымаў права на элітны надзел пасьля прашэньня, пададзенага на імя Лукашэнкі. Той пакінуў станоўчую рэзалюцыю.
Прасіць Лукашэнку Глеб звык даўно. Яшчэ напачатку кар’еры, калі галоўныя футбольныя дасягненьні былі яшчэ наперадзе, Глеб трапіў уначы ў цэнтры Менску ў ДТЗ. Аварыя былі са сьмяротным вынікам. Але па выніках футбаліст застаўся на волі. Спачатку менавіта Глеб стаў падазраваным у заведзенай па факце ДТЗ крымінальнай справе — ужо проста таму, што зьдзяйсняў паварот налева, а па Правілах дарожнага руху такі кіроўца павінен быў саступіць дарогу.
Справу праз некалькі дзён згадаў асабіста міністр унутраных спраў Уладзімер Навумаў. «Вінаваты ў гэтай аўтааварыі вызначыцца ў выніку правядзення чатырох экспертыз да канца месяца. Каб не дапусціць ніякіх памылак, дзьве экспертызы мы нават паўторым».
Тым часам ужо праз два дні пасьля сьмяротнага здарэньня, 31 сьнежня 2004 года, Глеб гуляў у матчы паміж камандамі АБФФ і так званага парлямэнта Лукашэнкі. А тым часам ішло сьледства — і пасьля экспертызаў яно прыйшло да высновы, што вінаваты ва ўсім кіроўца сустрэчнай машыны.
Справа ў выніку стала пераломнай ва ўсёй беларускай судовай практыцы. Да аварыі Глеба вінаватымі ў ДТЗ прызнавалі ўсіх, хто парушыў ПДР у аварыйнай сітуацыі, футбаліст жа пасьля парушэньня (а ён не прапусьціў машыну, якую мусіў прапусьціць) атрымаў статус пацярпелага. У 2008-м падыход быў замацаваны ў пастанове Вярхоўнага суда — пры разборах ДТЗ належала абвінавачваць таго, хто меў магчымасьць пазьбегнуць сутыкненьня, але не скарыстаўся ёй.
Ну а Глеб з ахвотай удзельнічае ў прапагандысцкіх імпрэзах свайго боса. Дарэчы, бацька Глеба неяк прызнаваўся ў інтэрвію, што ў іх дома заўжды быў бел-чырвона-белы сьцяг, і ён імкнуўся закласьці неабходныя ідэалы дзецям. Нешта пайшло ня так.
Віктар Бабарыка
Былы банкір, а сёньня – палітвязень таксама скончыў згаданую ВНУ. Праўда, яго выпуск прыйшоўся акурат на 1995 год, адразу пасьля гэтага Акадэмія кіраваньня пры Савеце Міністраў зьмяніла патрона і пачала падпарадкоўвацца Лукашэнку.
Часы ідуць, і становіцца ўсё весялей. З 2023 года зьмяніліся ўмовы паступленьня ў Акадэмію пры Лукашэнку.
«З гэтай прыёмнай кампаніі ў нас плянуецца ўвядзеньне прафэсійна-псыхалягічнай гутаркі. Гэта будзе допускам да ўдзелу ў конкурсе на паступленьне ў Акадэмію кіраваньня», — сказаў сёньняшні рэктар Вячаслаў Даніловіч.
Таксама акрамя характарыстыкі, якую павінен мець абітурыент, які хоча паступіць у Акадэмію кіраваньня, неабходна яшчэ прадставіць рэкамендацыі з апошняга месца навучаньня, працы або службы плюс рэкамендацыю ад мясцовага органа выканаўчай улады, паведаміў Даніловіч.