Шклоўская калонія — беларускі філіял пекла

У гэтай калоніі ўтрымліваліся Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец, у гэтай калоніі забілі Вітольда Ашурка. Былы палітвязень расказвае пра ўмовы ўтрымання ў тым самым ШІЗА, дзе загінуў актывіст.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Былы палітвязень (імя не называецца з мэтай бяспекі) прабыў у зняволенні амаль два з паловай гады. Свой тэрмін за ўдзел у акцыях пратэсту ён адбываў у шклоўскай калоніі №17. Але пра тое, што менавіта ў гэтай калоніі загінуў актывіст Вітольд Ашурак, ён даведаўся толькі на волі. У шклоўскай калоніі былога палітвязня гэтаксама змясцілі ў ШІЗА — меркавана, у тое самое, дзе загінуў Вітольд. Перад гэтым начальнік калоніі кінуў яму: «Беражы сябе!» Былы палітвязень расказаў «Вясне» пра ўмовы ўтрымання ў штрафным ізалятары ў шклоўскай калоніі, дзе яго аднаго ўтрымлівалі тры тыдні. 

«Ноччу замерзну і раніцай не прачнуся, калі не буду трымацца рукамі за трубу батарэі»

Былы палітычны вязень даведаўся пра трагедыю ў калоніі з дзяржаўнага тэлебачання ў следчым ізалятары. Але да вызвалення ён не ведаў ні пра тое, у якой калоніі гэта адбылося, ні падрабязнасці гібелі актывіста.

«Вясной 2021 года па тэлебачанні вельмі хутка паказалі навіну пра тое, што здарылася з Вітольдам — я быў на той момант у следчым ізалятары. Я вельмі ўзрушыўся гэтай навіной. Я ведаў, што гэта актывіст з Бярозаўкі. Я тады падумаў, што гэта ўсё невыпадкова здарылася. Гэта магло быць усё падстроена ці яго маглі давесці да такога. Пазней гэта ўсё ўсплыве».

Амаль праз два гады былы палітвязень патрапіў, меркавана, у тое самае ШІЗА, дзе загінуў Вітольд Ашурак. Ён гэта ўсё асэнсаваў і суаднёс факты, калі ўжо вызваліўся з калоніі і дазнаўся падрабязнасці смерці зняволенага актывіста.

«Але і добра, што я не ведаў гэтага, калі ўтрымліваўся там. Я разумею цяпер, што начальнік калоніі, які перад ШІЗА мне сказаў "беражы сябе", думаў, напэўна, што я ведаю, што менавіта тут загінуў Вітольд Ашурак».

Глядзіце таксама

Былога палітвязня ўтрымлівалі аднаго ў ШІЗА тры тыдні. Патрапіў ён туды па надуманых прычынах, як і многія іншыя палітзняволеныя. Калі мужчына расказваў пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, то найчасцей згадваў холад, які панаваў там увесь час. Паводле яго, з сёмай раніцы да 14-й гадзіны ў камеры адчынялі фортку. Супрацоўнікі такім чынам нібыта праветрывалі камеру, але, па факце, выстуджвалі. Гэта робіцца незалежна ад надвор'я — няважна, за акном маразы ці сонца. Паводле былога палітвязня, калі ён утрымліваўся ў ШІЗА з адчыненай форткай, то на вуліцы было да мінус 15 марозу. Некалькі разоў фортку не зачынялі да 17-й гадзіны.

«У камеры было вельмі холадна. Сагрэцца можна было, толькі трымаючыся рукамі за батарэю. Але гэта не тыя самыя батарэі ў нашым звычайным разуменні, а дзве звараныя звычайныя трубы, а паміж імі ёсць уваход і выхад. Па-іншаму там немагчыма [сагрэцца]. Трымаешся і трымаешся рукамі за гарачую батарэю. Я ўспрымаў гэтую сітуацыю з холадам на ўзроўні фізічнага выжывання. Калі я ноччу клаўся спаць, то інстынкт самазахавання мне падказваў у думках, што ноччу замерзну і раніцай не прачнуся, калі не буду трымацца рукамі за трубу батарэі, бо толькі яна і ратавала. Таму ісці і класціся на халодныя нары было самым невыносным і страшным. Сну не было, канешне, аніякага. Часта прачынаўся з-за холаду ў ногах ці руках. Тады я хадзіў на хвілінку сагрэцца да батарэі. Але па камеры пасля адбою хадзіць нельга таксама. Таму неяк саграваўся на хвілінку і зноў мусіў ісці «спаць», калі можна так сказаць».

«Я абмотваў на ноч ногі анучай для прыборкі»

Як расказвае былы палітвязень, у ШІЗА яму выдалі спецыяльную форму з літарай «Ш» у коле над каленямі (у некаторых таксама можа быць на спіне). Тры тыдні палітвязень спаў на драўляным ложку без матраца, бялізны, падушкі і коўдры.

«Сама форма для ШІЗА даволі грубая — у ёй вельмі некамфортна. На нагах — тапкі і шкарпэткі. У ногі вельмі было халодна. Дзесьці на пяты дзень у мяне пралупілася на шкарпэтках пятка. Замяніць іх на новыя немагчыма. Я паспрабаваў заматаць пятку туалетнай паперай, але супрацоўнікі гэта заўважылі праз відэакамеру. Яны забралі паперу і пасмяяліся: "Ты што, прыдурак?" Потым мне не давалі туалетную паперу. Я ўціхую абмотваў на ноч ногі анучай для прыборкі. Прыбіраўся двойчы на дзень, высушваў анучу на батарэі, а потым карыстаўся, каб сагрэць ногі».

Глядзіце таксама

«Вельмі цяжка там не звяр'яцець

Пры гэтым, паводле былога палітвязня, тэмпература ў ШІЗА ўвесь час трымалася каля 10 градусаў. З рэчаў выдавалі толькі анучу для прыборкі, маленькі кавалачак мыла і туалетную паперу, але не заўсёды і няшмат.

«Але, канешне, найперш было вельмі цяжка псіхалагічна. Нават цяжэй, чым фізічна. Я быў перакананы, што мяне ўжо хутка не выпусцяць з калоніі. Ты будаваў планы на волю, але тут усё можа перамяніцца... Было б прасцей, калі б ты ведаў, што адседзіш канкрэтны тэрмін і выйдзеш. Але ты сядзіш з нявызначанасцю, і гэта моцна вымотвае псіхалагічна. Тут няма аніякіх правіл — як захочуць, так і будзе. Маглі «навесіць» яшчэ артыкул 411 КК — і ўсё... Ты не ведаеш увесь час, на што настройвацца. Я думаў, што выпрабаванне — вытрымаць 10 дзён у халаднечы, але аказалася, што не. Адзін дзень неяк пражыў і пратрымаўся, але потым наступаюць іншыя дні. Вельмі цяжка там не звяр'яцець. Трэба ўвесь час трымаць у галаве час і дату, які сёння дзень, колькі сутак ужо адседзеў. А ў гэты час супрацоўнікі назіраюць за табой па відэакамеры.

Паводле іх правіл, калі кантралёры адчыняюць дзверы або заглядваюць у вочка дзвярэй, ты павінен падысці да прышпіленых нараў, стаць у позу «ластаўкі», гэта значыць шырока раставіць ногі, а рукі тыльным бокам пакласці на чырвоную лінію, што намалявана на нарах. Калі праз відэакамеру ці вочка дзвярэй кантралёры заўважаць, што ты пачынаеш засынаць, то пачынаюць моцна грукаць у дзверы і крычаць, каб стаў, як трэба. За гэта можна атрымаць чарговыя суткі ШІЗА».

Глядзіце таксама

Паводле былога палітвязня, стаўленне з боку супрацоўнікаў калоніі было ў асноўным зняважлівае.

«Ёсць псіхалагічны ціск. Яны з табой не гавораць — яны крычаць. Калі яны бачаць па відэакамеры, што ты пачынаеш засынаць, то адразу падыходзяць і проста крычаць. Днём там можна толькі сядзець ці хадзіць, і ўсё. Чытаць і пісаць там не дазваляецца. Там трэба было бясконца прасіць туалетную паперу, таму што даюць толькі яе шматок. Але калі ты папросіш, то не факт, што дадуць».

Пры гэтым за тры тыдні ў ШІЗА былога палітвязня аніводнага разу не выводзілі ў душ. Ён расказаў, што не хапала і ежы ў ШІЗА:

«Ежа была там разнастайная, але порцыі такія, што не наядаешся. Паеў — і думаеш, як бы пратрываць да наступнага прыёму ежы. Так час і праходзіў у чаканні. Там жа вельмі вялікая страта энергіі была праз тое, што вельмі холадна. Я вельмі там схуднеў (агулам за час зняволення скінуў каля 17 кілаграмаў)».

Былы палітвязень адзначае, што ў шклоўскай калоніі практыкуецца ціск на палітзняволеных з удзелам так званых «правакатараў». Іншыя зняволеныя іх могуць правакаваць на бойкі і спрэчкі, якія з'яўляюцца падставай для вынясення спагнанняў.