Хронікі рэпрэсій за 16 кастрычніка
У Сяргея Ціханоўскага з'явіўся свой «хросны», блогерка Ганна Бонд ужо на волі, а ў Магілёве затрымалі дзяўчыну за запыт у Гугле.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1068 дзён, Дзяніс — 948.
***
Экс-прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан стаў сімвалічным «хросным» асуджанага на 18 гадоў калоніі Сяргея Ціханоўскага. Пра гэта Джонсан расказаў у «Твітары».
Ён падтрымаў кампанію Святланы Ціханоўскай па павышэнні дасведчанасці пра палітычных зняволеных у Беларусі.
— Я пагадзіўся ўзяць пад апеку яе мужа Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіцца за кратамі. Паколькі ў Беларусі больш за 1500 палітычных зняволеных, я заклікаю іншых далучыцца да мяне ў гэтым акце салідарнасці. Я падтрымліваю адважны народ Беларусі. Жыве Беларусь! — сказаў ён.
Былы прэм'ер-міністр дадаў, што Ціханоўская некалькі месяцаў не атрымлівае навін ад мужа. Ён назваў гэта парушэннем базавых правоў чалавека, а абыходжанне з Ціханоўскім у зняволенні — ганьбай, піша «Медыязона».
***
У суботу, 14 кастрычніка, стала вядома пра магчымае затрыманне вядомай вядучай і блогеркі Ганны Бонд. У панядзелак у Мінску над ёй адбыўся суд — паводле абвінавачання па артыкуле 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі»).
Паводле звестак «Вясны», Ганна Бонд ужо на волі, але пастанова суда пакуль невядомая.
***
Суд Аршанскага раёна вынес прысуд прадпрымальніку Аляксею Цыпілёву, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Разумовіч, абвінаваўца — памочнік пракурора Сяргей Дзяржыцкі, піша «Вясна».
Шматдзетнага бацьку (дзецям 3,4 і 5 гадоў) Аляксея Цыпілёва затрымалі па месцы жыхарства ў пасёлку Высокае Аршанскага раёна 3 жніўня 2023 года і да суда змясцілі пад варту ў СІЗА Віцебска.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, Аляксей напрыканцы лютага 2023 года размясціў у тэлеграм-суполцы «Лухтавікінгі» (нядаўна ўнесена ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў») абразлівы каментар «Прадажная….», тым самым прынізіў гонар і годнасць Лукашэнкі. Другі эпізод датуецца сакавіком.
4 кастрычніка суд прызначыў Цыпілёву пазбаўленне волі тэрмінам на два гады з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Маёмасць прадпрымальніка (аўтамабілі і будаўнічая тэхніка) пакінуты пад арыштам.
***
Сілавікі затрымалі двух братоў са Слоніма, піша адзін з праўладных тэлеграм-каналаў.
У апублікаваным роліку відаць, што мужчын затрымліваюць супрацоўнікі АМАПа. «Медыязона» знайшла старонкі затрыманых у сацсетках — іх клічуць Руслан і Цімур Лагуцікі.
У відэа сілавікоў Руслан кажа, што затрыманы за «абразлівыя» каментары пра міліцыянтаў і Лукашэнку, якія пісаў у 2020 годзе. Цімура затрымалі за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
***
Стала вядома, што 7 верасня суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацыяльных сетках пакарала арыштам на 15 сутак апаратчыка цэха №103 завода «Палімір» Андрэя Шкірэнку, паведамляе «Віцебская вясна».
Падчас судовага разбору мужчына пацвердзіў, што ў сацыяльнай сетцы «Instagram» ён меў падпіску на старонкі «экстрэмісцкіх» выданняў. Аднак, паводле яго слоў, не ведаў пра гэты іх статус. Сваю віну Шкірэнка не прызнаў і ад дачы тлумачэнняў адмовіўся.
***
У Брэсцкім абласным судзе 11 кастрычніка дзяржабвінаваўца запрасіў два з паловай гады калоніі для грамадзянкі Украіны Кацярыны Бруханавай, якую абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч.1 арт. 361-1 КК.
Справу разглядаў суддзя Андрэй Сіз, пракурор – Аляксандр Бацюшка, піша «Вясна».
29-гадовая Кацярына Бруханава з'яўляецца грамадзянкай Украіны, родам з горада Херсон. Яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там універсітэт у 2015 годзе, а ў 2016 пераехала ў Беларусь. У Беларусі працавала перакладчыцай з кітайскай.
25 ліпеня 2023 года Бруханаву затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі даць на праверку тэлефон, яна падала яго супрацоўнікам разам з паролямі. Беларускія сілавікі ўбачылі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі «Зеркало». На відэа было перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі пад Мінскам, якое яна сама захавала.
Менавіта за гэтыя відэа дзяўчыну затрымалі і змясцілі ў СІЗА №7.
Кацярына на судзе свае дзеянні тлумачыла тым, што спалохалася і раззлавалася, калі ўбачыла шмат тэхнікі з літарамі «Z» і «V». Расказала, што ў яе на радзіме гэтыя знакі лічацца варожымі. А ў «Zerkalo» адправіла, таму што хацела даведацца, што адбываецца, бо нідзе пра рух такой тэхнікі не пісалі.
Прысуд Кацярыне Бруханавай быў абвешчаны 13 кастрычніка, але вынікі суда пакуль невядомыя.
***
Схапілі кантралёрку якасці «Магілёўхімвалакна» — яна гугліла выраз «вусаты прусак».
На відэа сілавікоў жанчына «прызнаецца», што пакінула абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі», піша «Вясна». Сярод іншага, жанчыну абвінавацілі і ў тым, што яна гугліла выраз «вусаты прусак». На скрыншоце з выявамі па гэтым запыце сілавікі заблюрылі твар Лукашэнкі.
Сілавікі сцвярджаюць, што праводзяцца следчыя дзеянні ў рамках узбуджанай крымінальнай справы па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
***
У Брэсцкім абласным судзе 13 кастрычніка вынеслі прысуд Паўлу Салагубу паводле ч.1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і ч.1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») КК. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько.
Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя, пішуць праваабаронцы.
Паводле ч.1 арт. 342 КК мужчыну прызначылі адзін год калоніі. Паводле ч.1 арт. 130 КК — два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі.
Шляхам частковага складання пакаранняў Паўлу прызначылі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 245 дзён, Максіма Знака — 250 дзён, Мікалая Статкевіча — 246 дзён, Ігара Лосіка — 240 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 224 дні, Віктара Бабарыкі — 173 дні, Уладзіміра Гундара — 73 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1479 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1697 чалавек. Сярод іх — 182 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.