«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 24: Час маргіналаў. Рэжым Лукашэнкі ўзвысіў садыстаў

У перадапошняй частцы турэмных дзённікаў спрабую адказаць на пытанне «хто яны, гэтыя каты?».

photo_2023_04_26_13_09_54_logo.jpg_logo_1.webp

Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай

Прыроджаны садызм аператыўнікаў

Турэмнікі — розныя. Ёсць сярод іх і заўзятыя садысты, і абыякавыя, і тыя, каму роля мучыцеляў непрыемная.

Першыя атрымліваюць асалоду ад катаванняў, радуюцца пакутам палітвязняў і таму, што яны, служакі, спрычыніліся да гэтых пакутаў.

Да гэтай катэгорыі належаць усе без выключэння аператыўнікі гомельскай калоніі. Нічога чалавечага ні ў адным з іх я так і не разгледзела. Ніякай маралі, чалавечнасці, ніякіх рэшткаў сумлення.

У кожнага аператыўніка ПК-4 ёсць свае фішкі, што да катавання палітвязняў. У кожнага опера фірмовы стыль, што да метадаў перавыхоўвання «ворагаў народу».

Аператыўнік Яраслаў Ганчароў любіць ганяць палітвязняў з каробкамі і торбамі па маршруце «атрад — КПП». Выглядае гэта так: палітвязень галопам выносіць з капцёркі ўсе свае рэчы і, як ішак, цягне іх на сабе на КПП. Пасля вяртаецца з імі ў атрад, пасля зноў цягне іх на кантрольна-прапускны пункт. Гэты марафон можа працягвацца бясконца. Ганчароў тым часам назірае за пакутамі жанчыны і пераможна ўсміхаецца.

Опер Кузняцоў-Джасаў — увогуле асобная гісторыя. Прыроджаны садыст. Пагражаў мне расстрэлам, саджаў у клетку, абражаў, настройваў супраць мяне зняволеных з атрада. 

Адзін з яго любімых метадаў перавыхавання — так званыя пенныя вечарыны. Азначае гэта наступнае: палова атраду дробна крышыць гаспадарчае мыла, другая палова — узбівае яго з вадой у пену ёршыкамі для ўнітаза. Потым увесь атрад васьмёркамі мые падлогу ў бараку. 

Начальнік аператыўнай часткі Мікіта Алёхін — дакладная копія свайго ідэйнага натхняльніка Фелікса Дзяржынскага. У яго б рука не здрыганула і расстрэльваць палітвязняў. Гэты служака — аматар распаўсюджваць плёткі, укідаць «качкі», дыскрэдытаваць палітвязняў. «Да я покажу тебе видео, где Класковская с Каневской на коленях ползают и умоляют их выпустить из ШИЗО», — застрашваў неяк маёр зусім маладзенькую палітзняволеную. Пагражаў згнаіць яе ў штрафным ізалятары, абяцаў, што яна адтуль не выйдзе.

Паспаборнічаць з калегамі ў маштабах подласці мог бы і Сяргей Трушкін. Ён яшчэ аматар высмейваць беларускую мову. 

Намеснік начальніка Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці Андрэй Шабулдаеў адказвае за аператыўную абстаноўку ў ПК-4, з ім узгадняюцца ўсе карныя крокі ў стасунку да палітычных. Шабулдаеў вельмі ганарыцца, што ён з сям’і патомных турэмнікаў.

Лукашэнкаўскі антыадбор 

Феномен улады Лукашэнкі ў тым, што ён вельмі ўдала зачапіў у пэўнай катэгорыі людзей цёмныя, сярэднявечныя сілы і пачуцці, ён гэтых персанажаў узвысіў і надзяліў неабмежаванай уладай.

У іншай сістэме такія людзі ніколі б не ўзвысіліся. Лукашэнка ж пабудаваў сваю ўладу на цёмных пачуццях. Беларусь па-лукашэнкаўску — гэта калі фундаментальныя паняцці перакуленыя з ног на галаву. Тыя, хто мусіць кіраваць краінай, развіваць яе, самая прагрэсіўная частка грамадства, сядзяць у турмах. Маргінальныя ж персанажы атрымалі неабмежаваную ўладу і дабіваюць краіну і людзей, якія хочуць, каб было інакш.

Рэжым, пабудаваны на суцэльным адмаўленні маралі, гвалце, кіруецца ў сваёй кадравай палітыцы, у тым ліку ў сілавым блоку, прынцыпамі антыадбору.

«Спыніцца — гэта значыць прызнаць, што ўсё тое, што яны рабілі раней, было няправільным. Працягваючы катаваць людзей яшчэ з большай жорсткасцю, гэтыя выканаўцы нібыта апраўдваюць такім чынам свае дзеянні», — даволі цікавая думка, не мая, пачула яе нядаўна ў адной французскай кінастужцы. 

Але ці толькі ў гэтым рэч?

На маю думку, не. Турэмнікі і іншыя людзі ў пагонах будуць бараніць гэты рэжым, трымацца яго, душыць нелаяльную частку грамадства да канца, бо Лукашэнка павязаў іх крывёю, бо зваротнай дарогі ў іх ужо няма.

Але гэта іх выбар, які яны зрабілі самі і свядома, таму і спагады да іх таксама няма.

«Иногда не до законов»

Кідалася ў вочы, што некаторым служакам было непрыемна пэцкацца ў рэпрэсіях. Шмат каму з канваіраў, напрыклад. Яны часта паводзілі сябе даволі добразычліва, здаралася, што і торбы мне дапамагалі несці. Адзін хлопец-канваір падчас майго чарговага этапу нават запытаў у мяне нумар тэлефона. Сарамліва папрасіў пакінуць цыдулку з кантактамі ў купэ «сталыпіна», калі буду выходзіць — каб нашую камунікацыю не зафіксавалі відэакамеры. 

Супрацоўнікі некаторых СІЗА, тыя ж канваіры даволі часта спрабавалі размаўляць са мной па-беларуску, некаторыя адкрыта выказвалі падтрымку палітычным, прасілі прабачэння — уявіце сабе, было нават і такое. Супрацоўнікі брэсцкага следчага ізалятара часта казалі «простите нас…», калі надзявалі мне кайданкі. У некаторых СІЗА кантралёры, кожную гадзіну патрабуючы праз кармушку назваць свой прафулік, самі ж казалі: «Это маразм». 

У гомельскай калоніі даволі добразычліва паводзілі сябе жанчыны-кантралёры, што прымалі перадачы і пасылкі, адказвалі за арганізацыю доўгатэрміновых спатканняў. Мая мама аднойчы расплакалася, перадаючы мне пакеты з вопраткай і ежай. Кантралёры знайшлі для яе добрыя словы, каб супакоіць.

Так, у сістэме ёсць людзі з нейкімі рэшткамі сумлення. Але яны душаць у сабе гэтыя якасці і праявы, бо «иногда не до законов», бо «иначе будет хуже». 

Чаму яны не спыняюцца, не пішуць рапарты на звальненне? Баяцца наступстваў з боку ўлады, баяцца трапіць у няміласць, а то і, крый Божа, за краты. Не хочуць страчваць свой дабрабыт, апраўдваюць служэнне рэжыму тым, што «я ведь просто солдат, который исполняет приказ». Спадзяюцца, што з іх «не спросят» пасля, што на іх не ляжыць персанальная адказнасць за саўдзел у рэпрэсіях, што выйдуць сухімі з вады.

Некаторыя ж папросту ўжо зліліся са сваімі вобразамі карнікаў у пагонах. Яны шчыра вераць у тыя ролі, якія граюць, і ў неабходнасць іх граць.

Страх з-за непазбежнасці адплаты

Гледзячы на турэмнікаў, я неаднойчы думала аб тым, наколькі Лукашэнка па-майстэрску раскалоў беларускае грамадства, наколькі яно паламанае і разарванае. І гэта, на жаль, надоўга. І нават калі ўсё ў Беларусі нарэшце зменіцца, працэс трансфармацыі грамадства будзе вельмі хваравітым і няхуткім. І гэта вельмі складанае пытанне: як нам пасля склеіць нашае грамадства? Прыхільнікі Лукашэнкі, чыноўнікі, ідэолагі, сілавікі, турэмнікі нікуды ж не падзенуцца, нам усім давядзецца неяк суіснаваць, жыць разам.

Бясспрэчна, тое, што ўлада робіць з палітвязнямі, — гэта вялікае злачынства. Маўклівая згода — таксама саўдзел. І тут кропкі над «і» мусіць расставіць незалежны суд вольнай Беларусі. Забываць гэтыя злачынствы нельга. Дараваць таксама. 

Разам з тым і «вешаць усіх на бярозах» — таксама не выйсце. «Чым мы тады будзем адрознівацца ад іх?» — неяк выказалася на гэты конт палітзняволеная Віка Гранкоўская

Шчыра, я спрабавала дараваць хаця б некаторым са сваіх мучыцеляў, знайсці апраўданні іх дзеянням. Не змагла. 

Да гэтых часоў бачу іх у начных кашмарах. Гэтая траўма, бадай, пройдзе толькі тады, калі адновіцца справядлівасць, калі кожны кат панясе адказнасць за свае ўчынкі.

Асабліва мяне перасмыкае, калі ўзгадваю іх крывыя ўсмешкі і радасны бляск у вачах пры чарговых катаваннях палітычных. 

Але разам з тым добра памятаю і жывёльны страх у вачах гэтых кадраў — ён успыхваў, калі заходзіла гутарка пра апублічванне іх асабістых звестак, пра тое, што адплата непазбежная, пра тое, што рэжым Лукашэнкі не вечны. 

Памятаю, і як баяцца турэмнікі з’яўляцца ў горадзе ў форме: на працу і з працы ходзяць выключна ў цывільным. 

Хаця турэмнікі і гнояць  палітвязняў у ШІЗА, шантажом і запалохваннем выбіваюць з некаторых прызнанне віны, дамагаюцца «пакаянных відэа», у маральным плане гэтыя служкі рэжыму верх так і не ўзялі. І ніколі не возьмуць. 

Прадукты антыадбору не здольныя развівацца і ісці ў нагу з цывілізацыяй. Гэта часовыя персанажы, якія могуць пачувацца гаспадарамі жыцця толькі ў несвабодным дэфармаваным грамадстве. 

Заканчэнне будзе.