Суд над альбомам "Прэс-фота Беларусі-2011". Прысуд абвесцяць заўтра а 16.00

Ашмянскі раённы суд пачаў разгляд заявы КДБ пра прызнанне фотаальбома "Прэс-фота Беларусі – 2011" экстрэмісцкім. З раніцы журналісты ў залу суда не патрапілі: працэс абвешчаны зачыненым. Але пасля суддзя змяніў рашэнне пра фармат пасяджэння.  



sud17_1.jpg

10.50. У будынка суда памкнуліся арганізатары фотаконкурсу "Прэс-фота Беларусі" Вадзім Заміроўскі, Юлія Дарашкевич, Аляксандр Васюковіч. Іх запрасілі на працэс у якасці зацікаўленых асобаў.

12.00. Абвешчаны перапынак на абед да 14.00. Адвакат Вадзіма Замироўскага Ларыса Атаманчук заявіла хадайніцтва пра правядзенне паўторнай экспертызы альбома "Прэс-фота Беларусі–2011".

14.00. Судовае пасяжэнне аднавілася. Усіх ахвотнікаў пусцілі ў залу суда.

Заяўлены хадайніцтвы пра спыненне справы і правядзенне комплекснай мастацтвазнаўчай і лінгвістычнай экспертызы.

Прадстаўнік Юліі Дарашкевіч пытаецца прадстаўніка КДБ, дзе канкрэтна ў альбоме надрукаваны заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Прадстаўнік КДБ не можа аказаць.

Дарашкевіч распавядае пра тое, што конкурс быў добраахвотным, адкрытым, і фатаграфіі, змешчаныя ў альбоме, выбірала з дзвюх тысяч дасланых здымкаў кампетэнтнае журы. Юлія Дарашкевіч адзначыла, што адхілена хадайніцтва пра далучэнне альбомаў да матэрыялаў справы. Па яе меркаванні, альбомы ўжо знішчаны.

14.10. Суд адхіліў хадайніцтва пра правядзенне фота і відэаздымкі. Таксама адхілены хадайніцтвы пра спыненне справы і пра правядзенне комплекснай мастацтвазнаўчай і лінгвістычнай экспертызы.

Зацікаўленыя асобы не прызнаюць прэтэнзій КДБ.

14.30. Вадзім Заміроўскі заявіў у судзе, што матэрыялы альбома — гэта выбар журы.

На мой погляд, журы конкурсу больш кампетэнтна, чым экспертная камісія. Тым больш, што ў конкурсе забаронена пастаноўка. Так што фатаграфіі рэпартажныя і адлюстроўваюць рэчаіснасць, — сказаў Заміроўскі. — Большасць удзельнікаў конкурсу з'яўляюцца працаўнікамі рэдакцый і агенцтваў.

Суд пераходзіць да даследавання доказаў. Суддзя зачытвае даведку экспертнай камісіі.

15.00. Прадстаўнік Дарашкевіч просіць прадстаўніка КДБ даказаць кампетэнцыю экспертнай камісіі.

Заключэнне камісіі, а таксама сваю кваліфікацыю каментуе начальнік аддзела ідэялагічнай працы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко.

Па яго словах, чальцоў камісіі выбіраў ён сам

Прадстаўнік Юліі Дарашкевіч пытаецца ў эксперта, ці праводзіліся сацыялагічныя даследаванні ў Беларусі і за мяжой, якія сведчаць пра тое, што быў падарваны аўтарытэт да органаў улады.

“Не”, — адказвае ідэолаг.

Характэрна, што Павел Скрабко раней выступаў экспертам па справе Андрэя Пачобута.

15.20. Адказваючы на пытанне адваката Вадзіма Заміроўскага, Павел Скрабко заявіў, што камісія не магла ўсталяваць, ці прысутнічае на фота скажэнне і мантаж.

Па словах ідэолага, ад грамадзян скарг на альбом не паступала, і меркаванне пра скажэнні — гэта асабістае меркаванне чальцоў камісіі.

Прысутны на судзе журналіст «Газеты Выборчай» Андрэй Пачобут смяецца.

— Выгляд людзей, якія прымяраюць шапкі на здымку, не адпавядае рэчаіснасці, — кажа ідэолаг.

Адказваючы на пытанне, для якіх мэтаў камісія выкарыстоўвала слоўнік Ожегава, калі подпісы да фота ў альбоме «Прэс-фота» зроблены на беларускай мове, Скрабко адзначыў, што эксперты карысталіся найболей аўтарытэтным слоўнікам.

— Шарыкі, змешчаныя на твары прэзідэнта, не надаюць яму папулярнасці, — лічыць галоўны ідэолаг Гродна. Так эксперт пракаментаваў фота Зміцера Кляпіцкага.

16.00. Прадстаўнік Юліі Дарашкевіч замаўляе пра выклік у суд астатніх чальцоў камісіі, матывуючы гэта тым, што Павел Скрабко не змог адказаць па сутнасці на некаторыя пытанні, якія тычацца экспертнай ацэнкі матэрыялаў альбома, а таксама папрасіў падаць усе дакументы і дыпломы, што пацвярджаюць кваліфікацыю чальцоў камісіі.

Таксама адвакат Вадзіма Заміроўскага Ларыса Атаманчук папрасіла далучыц да справы два дакумента: адкрыты зварот дзеячаў мастацтва, незалежных экспертаў у вобласці фатаграфіі, кіраўнікоў беларускіх фота-клубаў і галерэй, у якім дадзена дадатная адзнака зместу альбома, і экспертнае заключэнне Беларускага Хельсінкскага камітэта пра тое, што заклікі да экстрэмізму ў альбоме адсутнічаюць.

Суддзя адхіліў хадайніцтвы пра выклік астатніх чальцоў экспертнай камісіі і пра далучэнне да матэрыялаў суда заключэнне БХК. Адзінае хадайніцтва, якое суд задаволіў у першы дзень пасяджэння, — гэта далучэнне да матэрыялаў справы адкрытага звароту дзеячаў мастацтва.

Быў абвешчаны перапынак, пасля якога бакі пераходзяць да спрэчак.

16.30. Спрэчкі бакоў скончаны. Суд выдаліўся для прыняцця рашэння, якое абвесцяць 18 красавіка ў 16.00.

Прадстаўнікі зацікаўленых асобаў — Вадзіма Заміроўскага, Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча — адзначылі шэраг юрыдычных парушэнняў, з якімі было складзена заключэнне экспертнай камісіі, а таксама адзначылі, што кваліфікацыя чальцоў камісіі не з'яўляецца дастатковай для ацэнкі працы фотажурналістаў, прадстаўленай у альбоме «Прэс-фота Беларусі-2011».

Адвакат Заміроўскага Ларыса Атаманчук у прыватнасці адзначыла: высновы, выкладзеныя ў заключэнні экспертнай камісіі, хутчэй можна ахарактарызаваць як прыватнае меркаванне чальцоў камісіі, а не кваліфікаваную экспертызу.

sud17-2.jpg

sud17-4.jpg

sud17-5.jpg

sud17-6.jpg

sud17-7.jpg

gazetaby.com