Стрыжак: Заехаць у Беларусь праз Расію, павырашаць там пытанні і з'ехаць назад — гэта поўнае трызненне
Так ці інакш спрабаваць трапіць у Беларусь — гэта высокая небяспека для тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах, папярэджвае Андрэй Стрыжак.
Праваабаронца ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» выказаўся пра расійскую базу МУС, у якой больш за тры тысячы беларусаў.
Журналісты расійскай «Медиазоны» вывучылі базу вышуку МУС і зрабілі па ёй зручны пошук. У ёй — 3186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі. Гэта палітыкі, актывісты, журналісты, добраахвотнікі, палітвязні і іншыя беларусы.
— Інфармацыя пра тое, што многія беларусы, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, унесеныя ў нейкія агульныя базы Расіі і Беларусі, была яшчэ з 2020 года, — каментуе сітуацыю кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. — Па некаторых ключавых удзельніках Следчы камітэт і іншыя структуры нават рабілі асобныя заявы.
Напрыклад, наконт мяне і Аляксея Лявончыка (праваабаронца, сузаснавальнік кампаніі BY_help. — Рэд.) камітэт рабіў заяву, што мы ўнесеныя ў міждзяржаўны вышук. І вось якраз на гэтым прыкладзе можна паглядзець, наколькі тая база, якая ёсць у публічнай прасторы, недасканалая і няпоўная. Напрыклад, у гэтай базе я ёсць, а Аляксея няма.
Ён не знаходзіцца ў вышуку. Гэта значыць, што канкрэтна ў гэтай базе яго няма. Часам сілавікі паступаюць такім чынам, калі хочуць зрабіць уяўную бяспеку ўезду чалавека ў краіну.
Не сакрэт, што ў некаторых беларусаў ёсць вар'яцкая фантазія, што можна ўехаць праз Расію, павырашаць непрыкметна нейкія пытанні ў Беларусі — і потым назад з'ехаць. Дык вось гэта — поўнае трызненне. Гэта высокая небяспека для тых, хто так ці інакш удзельнічаў у пратэстах.
Чалавек, які не знайшоў сябе ў гэтай базе, адзначае Стрыжак, можа быць «на алоўку ў спецслужбаў Беларусі і не ўносіцца ні ў якія базы з мэтай хуткага затрымання на тэрыторыі Расіі ці Беларусі».
— Для тых, хто
ёсць у гэтай базе — гэта чарговы напамін, што пры выбары месца адпачынку або
маршруту з пункту А ў пункт Б, трэба ўлічваць небяспеку затрымання сябе ў небяспечных
краінах. У залежнасці ад таго, наколькі вы буйнога калібру і цікавы чалавек для
беларускіх і расійскіх сілавікоў, гэта можа быць не толькі Расія і Беларусь.
Мы бачылі сітуацыю з затрыманнем групы "Бі-2" у Тайландзе — гэта методыкі, якія адкатваюцца наўпрост у нас на вачах і, цалкам магчыма, яны будуць маштабавацца і прымяняцца не толькі для ключавых удзельнікаў падзей.
Многія беларусы, якія знайшлі сябе ў расійскай базе вышуку МУС, ганарацца гэтым. "А чаму не? Добрая тэма", — лічыць праваабаронца.
— Ты трапіў у адну групу з многімі годнымі людзьмі. Гэтая база змяшчае ў сабе вышуковыя матэрыялы ў тым ліку і на прэм'ер-міністраў, дэпутатаў парламента еўрапейскіх краін.
Гэта сведчыць пра тое, што расійскае правасуддзе таксама, як і беларускае, прыняло для сябе асноўнае правіла «не да законаў», і пачало як вар'яцкі прынтар штампаваць дакументы пераследу людзей толькі за тое, што яны маюць іншае меркаванне альбо хочуць дэмакратычных пераменаў у сваёй краіне.
Нічога дрэннага этычнага ў тым, каб трапіць у гэтую базу па такіх падставах, няма. Гэтыя людзі могуць быць спакойныя і не лічыць сябе злачынцамі, а лічыць, што гэта такі знак якасці.