Станіслаў Шушкевіч: Акупацыя — гэта стан нашага жыцця

У Гомелі адбылася прэзентацыя кнігі Станіслава Шушкевіча "Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР". Аўтар кнігі — першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савета ў 1991-1994 гадах. Менавіта яго подпіс стаіць пад Белавескімі пагадненьнямі, якія скасавалі існаванне СССР.  



shu1.jpg

Выданне ў жанры палітычнай аўтабіяграфіі налічвае каля 500 старонак і ўтрымлівае 300 фотаздымкаў.

На прэзентацыі ў Гомелі прысутнічалі больш за 60 чалавек.

"Мне вельмі не хацелася пісаць мемуары, паколькі лічыцца, што гэта канец жыцця. А я яшчэ хачу крыху пажыць. Я стараўся раскрыць тыя моманты, якія нам не трэба паўтараць, бо яны былі не лепшым варыянтам, не лепшым чынам зробленыя. Я прысвяціў гэтую кнігу моладзі, але вучыць моладзь — няўдзячная справа, таму што яна лічыць старэйшых даволі вялікімі дурнямі, асабліва калі старэйшыя даюць ім парады: што рабіць ці як рабіць. Тут ёсць толькі прысвячэнне моладзі, я кажу так — вучыцеся на нашых памылках", — адзначыў на прэзентацыі Шушкевіч.

shu.jpg

Пра свае памылкі ў жыццці аўтар выказаўся ў тым сэнсе, што толькі ў адным ён памыляўся — у людзях. І яго радуе, што ўспрымаў ён людзей лепшымі, чым яны апынуліся на самай справе.

Станіслаў Шушкевіч не выключыў магчымасці другога выдання кнігі. "Калі я дажыву да другога выдання — то ў мяне яшчэ ёсць каго аблаяць. Але я паспрабую зрабіць гэта ў тактоўна форме", — заўважыў аўтар.

Частка кнігі прысвечана асобе Станіслава Шушкевіча, яго бацькам і продкам і дапалітычнай біяграфіі — працы ў БДУ на розных пасадах. Правілы жыцця, хрысціянскіх паводзін, па словах палітыка, былі закладзеныя ў ім з дзяцінства бабуляй. Гэтых правілаў, кажа Шушкевіч, ён стараўся прытрымлівацца ўсё жыццё.

У палітыку ж, як адзначыў аўтар кнігі, ён трапіў выпадкова — пасля прапановы вылучыць яго кандыдатам у дэпутаты. "Мне пашанцавала на з'ездзе народных дэпутатаў у Маскве, што я быў недалёка ад мікрафона ў зале, і калі там пачыналіся дэбаты, я дарываўся да гэтага мікрафона хутчэй за іншых. А калі вярнуўся ў Мінск — мне было цяжка прайсці па вуліцы, мяне ўжо пазнавалі", — успамінае Шушкевіч.

Былы кіраўнік Беларусі выказаў меркаванне, што краіну трэба не адраджаць, а канструяваць, як і нацыю.

Па словах палітыка, ён не чакаў ад Расеі такой шалёнай антыўкраінскай прапаганды на фоне апошніх падзей. "Калі для мяне раней найгоршым прэзідэнтам быў Лукашэнка, то цяпер стаў Пуцін, а Лукашэнка стаў лепш", — адзначыў Станіслаў Шушкевіч.

Прысутныя на сустрэчы задалі аўтару кнігі шэраг пытанняў. У прыватнасці, ці магчымая ўжо гэтай восенню акупацыя Беларусі Расеяй? "Акупацыя — гэта стан нашага жыцця. БНР у стане нямецкай акупацыі паўстала, пазней у стане польскай акупацыі былі зацверджаны шэраг іншых пазіцый. Пасля і ў стане расійскай акупацыі мы ўвесь час існавалі, таму і сёння мы акупаваныя. Беларусь фактычна акупаваная, у нас нават няма беларускай мовы ў войску ", — лічыць палітык.

Удзельнікі сустрэчы маглі набыць кнігу і атрымаць аўтографы аўтара.

Алена Германовіч, БелаПАН.