Смерць праз крадзёж у краме
У Магілёве бабулю злавілі на крадзяжы з "Еўраопту". Яе муж расхваляваўся і памёр.
“Сёння стаў сведкам, як у “Еўраопце” затрымалі бабулю, якая хацела цішком вынесці прадукты. Бабуля купіла фаршу на развес, і прадавачка ўпільнавала, што яна схавала пакет у сумку, а сама пайшла ў бок выхаду. Ну і неяк хуценька паднялі шум, пабеглі, заблакавалі выхад з крамы, выклікалі ахову, — апісвае здарэнне Еўрарадыё са спасылкай на журналіста Алеся Сабалеўскага. — Бабуля, вядома, пачала прасіцца, прапаноўвала заплаціць, скардзілася на кепскае самаадчуванне, але ўсё ж на гэта не пайшлі, дачакаліся міліцыю”.
Побач з крамай "Еўраопт" на праспекце Дзімітрава праз пэўны час з'явілася машына хуткай дапамогі. Дапамога спатрэбілася дзядулі — у сацсетках пішуць, што медыкі не змаглі яго выратаваць. А таксама, што пенсіянер прыйшоў у краму, каб выратаваць жонку.
“На наступны дзень я прыйшоў у краму, каб даведацца, чым усё вырашылася. Касіркі распавялі мне, што бабуля не адказвала на пытанні, не хацела казаць, хто яна. Пазваніла мужу, які прыйшоў, каб абараніць яе. Але ён так расхваляваўся, што памёр на лавачцы ля крамы”, — распавядае Еўрарадыё Алесь Сабалеўскі.
У "Еўраопце" журналістам сказалі, што не хочуць “выносіць смецце з хаты”.
У міліцыі Еўрарадыё пацвердзілі, што абодва інцыдэнты, крадзеж у краме і смерць ля крамы, мелі месца. Але на пытанне, ці звязаныя яны, ва УУС Магілёўскага аблвыканкама адказаць не змаглі. А пасля ўвогуле адмовіліся ад каментарыяў, спаслаўшыся на тое, што не ўпэўненыя, што з імі размаўляе журналіст
.