Следчы камітэт прапануе адміністрацыйную адказнасць за лайкі пад парнаграфіяй
Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч распавёў, што СК выступіў з такой ініцыятывай яшчэ ў 2017 годзе, паведамляе «Еўрарадыё».
Следчы камітэт прапаноўвае не караць строга за лайкі пад парнаграфіяй у інтэрнэце. Пра гэта старшыня СК Іван Наскевіч паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ.
Па яго словах, Следчы камітэт выступіў з такой ініцыятывай яшчэ ў 2017 годзе. Было прапанавана ўвесці адміністрацыйнае пакаранне, напрыклад, у тых выпадках, калі чалавек проста ставіць лайк пры атрыманні порна-кантэнту праз нейкія месенджары. "Мы зыходзім з таго, што такія дзеянні валодаюць невысокай грамадскай небяспекай і іх можна адрэгуляваць адміністрацыйна-прававымі метадамі", — патлумачыў Наскевіч.
Старшыня СК лічыць неабходным такія дзеянні "рэгуляваць у межах Адміністрацыйнага кодэкса, а прыцягваць асобу да крымінальнай адказнасці толькі пры наяўнасці адміністрацыйнай прэюдыцыі. Гэта значыць, толькі пасля таго, як яна будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці".
Аналагічную адказнасць Наскевіч прапаноўвае і для перапостаў парнаграфіі.