СК аднавіў «кветкавую справу» ў Віцебску
У снежні крымінальная справа ў дачыненні да жанчыны і яе дачкі, якія ў Віцебску сарвалі з клумбы кветкі, была закрыта. Яны павінны былі абыйсціся «адміністрацыйкай». Аднак у студзені галоўная фігурантка даведалася, што па справе аднавілі папярэдняе следства.
У лісце, які прафесійны фларыст Аксана (імя па просьбе жанчыны зменена) атрымала са Следчага камітэта, паведамляецца, што 4 студзеня намеснік пракурора горада Віцебска адмяніў у дачыненні да яе і дачкі пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу, піша tut.by. «Папярэдняе следства адноўлена», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, каля дома № 8 на вуліцы Медыцынскай у Віцебску мама з 15-гадовай дачкойсарвалі з клумбы 25 кветак расходніка віднага. Гэта заўважыла жыхарка першага паверха, пад вокнамі якой усё адбывалася. Жанчына зняла «акт вандалізму» на камеру і напісала заяву ў міліцыю. Пасля праведзенай АУС праверкі матэрыял паступіў з пракуратуры Віцебска ў следства. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце рабавання, здзейсненага групай асобаў.
Пасьля рэзанансу ў СМІ вакол гэтай гісторыі следстваспынілася — як вырашылі ў СК, з-за «малазначнасці» справы. Пры гэтым матэрыялы перадалі ў міліцыю, каб прыцягнуць Аксану і яе дачку да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне.
— Следчыя прынялі ўсе меры па нівеліраванню канфлікту. Аднак жанчына ў катэгарычнай форме адмовілася прызнаць сваё правапарушэнне і тым больш пагаджацца з пацярпелым бокам, лічачы свой учынак нормай паводзін, — пракаментавала ў снежні гэтую сітуацыю афіцыйны прадстаўнік УСК па рэгіёне Святлана Сахарава.
Яшчэ раней Аксана распавяла TUT.BY, што ў тлумачэнні, дадзеным у міліцыі, паказвала, што «абавязваецца гэтай жанчыне [якая напісала заяву] пасадзіць па вясне куст расходніка. Яго кошт на самай справе ад 2,5 да 4 рублёў. Аднак альбо жанчыну не паставілі аб гэтым у вядомасць, альбо гэта яе не задаволіла».