Віцебск. БХД здолела змяніць рашэнне аб месцах для пікетаў
Ірына Захарава і Алена Шабуня здолелі змяніць рашэнне аб месцах для пікетаў у Віцебску
Прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Ірына Захарава і Алена Шабуня, якія балатуюцца ў Віцебскі гарсавет, здолелі змяніць рашэнне Адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска аб месцах для правядзення агітацыйных пікетаў кандыдатамі ў дэпутаты.
“На Вашу скаргу па пытанні вызначэння месцаў для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку паведамляем, што адміністрацыяй Першамайскага раёна г. Віцебска 22 студзеня 2018 г. у згадванае Вамі рашэнне ад 4 студзеня 2018 г. № 3 ўнесены змены, у адпаведнасці з якімі праводзіць названыя мерапрыемствы можна ў любых прыдатных месцах, за выключэннем асобных, пералічаных у гэтым рашэнні (размешчана на афіцыйным інтэрнет-сайце Віцебскага гарвыканкама)”, — гаворыцца ў адказе, які Ірына Захарава атрымала ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Рашэннем ад 4 студзеня ў Першамайскім раёне Віцебска было вызначана толькі 9 месцаў для агітацыйных пікетаў, і ніводнае з іх не трапляла ў межы акругаў №18 і 22, дзе ідуць кандыдатамі Ірына Захарава і Алена Шабуня адпаведна.
Між тым, у Мінску прынятае было адэкватнае рашэнне: паўсюль можна з абмежаваннямі. На гэтую дыскрымінацыю ўказвалі кандыдаты ў сваіх скаргах.
Адзначым, што 23 студзеня Ірына Захарава атрымала па пошце адказ, што Віцебская гарадская камісія не ў стане нешта там указваць адміністрацыям раёнаў. Маўляў, ні пры чым мы тут. Аднак пасля ўмяшання ЦВК рашэнне было змененае.
Паводле bchd.info