Сёння Паўлу Шарамету споўнілася б 45...
Запрашаем на вечар памяці журналіста, які пройдзе сёння ў сталічнай Галерэі «Ў» (праспект Незалежнасці, 37А) а 18.00.
Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску.
Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы "Праспект".
У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам "Белорусской деловой газеты". У тым жа годзе прызначаны загадчыкам беларускага бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер Першы канал) і ўласным карэспандэнтам ОРТ па Беларусі.
У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, правёў у турме ўвогуле тры месяцы.
У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм "Новости" і "Время" дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ, а ў студзені 1999 года заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы "Время".
У 2000 годзе Шарамет сышоў з праграм навін і працягнуў працаваць на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у межах інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе.
З 2009 года з`яўляўся рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе "Огонёк". У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу "Приговор" на тэлеканале РЕН ТВ.
Быў адным з заснавальнікаў сайта "Беларускі партызан".
У 2012 годзе стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання "Историческая правда". З 2012 года вёў блог журналіста ў інтэрнэт-газеце "Украинская правда", у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.
З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы "Прав? Да!" на Грамадскім тэлебачанні Расіі.
У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект "Диалоги" на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года па красавік 2016 года быў вядучы на ўкраінскім радыё "Вести".
Аўтарскія працы
Павел Шарамет з'яўляецца аўтарам дакументальных фільмаў "Дикая охота" і "Дикая охота-2",
"Осетровая война", "Чеченский дневник", "1991 — Последний год империи", "Последняя высота генерала Лебедя", "Казнь Саддама. Война без победителя", "Егор Гайдар. Окаянные дни" і шэрагу іншых. Аўтар сцэнарыя фільма "СПИД: Смерть с открытой датой".
Разам са Святланай Калінкінай быў аўтарам кнігі "Случайный президент", прысвечанай рэжыму прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У 2005 годзе напісаў кнігу "Питерские тайны Владимира Яковлева" пра новых расійскіх палітыкаў з Санкт-Пецярбурга. У 2009 годзе выйшла яго кніга пра Саакашвілі, аб шасцідзённага вайне ў жніўні 2008 года і расейска-грузінскіх адносінах "Саакашвили\Грузия. Погибшие мечты"
Вясной 2009 года апублікаваў вучэбны дапаможнік для журналістаў "ТВ. Между иллюзией и правдой жизни". Рэгулярна праводзіў майстар-класы для маладых рэгіянальных журналістаў.
Павел Шарамет загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву аўтамашыны. Выбух здарыўся ў 7.45 на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала ўзрыўчатка магутнасцю 400-600 г у тратылавым эквіваленце.
Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым; прафесійная дзейнасць; дэстабілізацыя становішча ў Кіеве; памылка (машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала уладальніцы газеты "Украинская правда" Алёне Прытуле).
Павел Шарамет пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"