Блогер Ілля Варламаў звярнуў увагу на антыбеларускую хвалю ў расійскіх СМІ
У артыкуле «Беларусь – наступная» фатограф разважае пра тое, што цяпер пачынаецца новы раўнд абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй.
«Украіна ўсім надакучыла, Абама ўжо не той і ўвогуле сыходзіць на адпачынак, пра Меркель толькі Жырыноўскі і распавядае анекдоты, геі ўсе зʼехалі, ліберастаў даўно не чуваць… Як тут не засмуткаваць?Але не адчайвайцеся, усё не так дрэнна! У нас зʼявіўся новы, асабліва небяспечны вораг!» — іранізуе Варламаў.
І прыводзіць у прыклад падборку загалоўкаў з расійскіх газет і сайтаў.
«Іду сёння па набярэжнай у Еўпаторыі, гляджу на свежую прэсу ў газетным кіёску, а там паведамляюць, што беларусы ва ўсім вінаватыя!!! Я ледзь не падавіўся чэрствым крымскім абаранкам», — піша ён.
Блогер спасылаецца на «Белсат», узгадваючы скандал з георгіеўскай стужкай у берасцейскай маршрутцы і праграму расійскага Першага канала «Час пакажа», другая часткая якой была прысвечана Беларусі. Нагодай для абмеркавання стала прэзентацыя кнігі старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава. Ён заявіў, што беларусы як нацыя з’явіліся на 200 гадоў раней за расійцаў.
Варламаў задаецца пытаннем, ці хутка натоўпы закрычаць «Бабруйск наш!», вітаючы «ветлівых людзей»?
«Але не забывайце, што спачатку павінен быць Майдан. Месца добрае ёсць — Плошча Незалежнасці ў цэнтры Менску. А натоўп на ёй хутка збярэ наша прапаганда.
Сёння складана паверыць, што братэрскі беларускі народ заўтра можа стаць галоўным ворагам… Але хто мог 3 гады таму выказаць здагадку, што рускія і ўкраінцы будуць забіваць адзін аднаго?» — піша ён у блогу.
Паводле belsat.eu