Сям'і з Лоева, у якой улады канфіскоўвалі трохмесячнае дзіця, перададзена партыя гуманітарнай дапамогі з Мінска
Сям'і з Лоева перададзена партыя гуманітарнай дапамогі з Мінска, піша БелаПАН.
Збор прадуктаў харчавання, у першую чаргу сумесяў для дзіцяці, гігіенічных і пасцельных сродкаў, посуду, адзення для ўсёй сям'і арганізавала грамадскае аб'яднанне Rotary Club Minsk City.
Нагадаем, у маладой сям'і з Лоева Алесі Фаміных і Андрэя Коўзіка ў ліпені гэтага года ўлады канфіскавалі 3-месячнага хлопчыка па прычыне матэрыяльных праблем. Беларусы пасля публікацый у СМІ пералічылі сям'і неабходныя грошы. Гэта дазволіла бацькам палепшыць жыллёвыя ўмовы, правесці ў хату ваду, купіць усё неабходнае для дзіцяці.
Пасля праведзенага ў доме рамонту, лячэння грамадзянскага мужа Алесі Фаміных ад алкагалізму, яго працаўладкавання і дапамогі неабыякавых беларусаў ўлады аддалі дзіця ў сям'ю.
Партыя гуманітарнай дапамогі ад Rotary Club Minsk City склала каля 50 кілаграмаў. Удзельнікі акцыі спадзяюцца, што на бліжэйшыя паўгады многія пытанні жыццезабеспячэння сям'і дзякуючы гэтай дапамозе будуць вырашаны.
Прэзідэнт клуба Алена Бандарэнка ў каментары БелаПАН назвала дапамогу сям'і «мікра-прыватным праектам», на які адгукнулася шмат людзей і арганізацый. Так, ТАА «БелЭмса» (гандлёвая марка Senso BABY) дапамагла сям'і падгузнікамі і сурвэткамі, дабрачынны фонд «Дотык да жыцця» — дзіцячым харчаваннем. Неабыякавыя людзі перадалі вопратку для дзіцяці і маці, посуд, пасцельную бялізну.
«У асноўным мы робім глабальныя дабрачынныя, культурныя і спартыўныя праекты — рэспубліканскія, міжнародныя. Але па меры магчымасці імкнемся рэагаваць на прыватныя праблемы, выручае пытанне: «Хто, калі не я?», — дадала Бандарэнка.
Нагадаем, у ліпені дзіця адабралі ў сям'і згодна з дэкрэтам прэзідэнта №18, а 31 жніўня — вярнулі. 34-гадовая Алеся Фаміных нарадзіла першынца 10 мая. З-за цяжкай цяжарнасці яна часта ляжала на захаванні. Пасля родаў у хлопчыка выявілі парок сэрца, і ён прабыў больш за два месяцы з маці ў бальніцы. Потым хлопчыка канфіскавалі і адправілі ў Дом дзіцяці, прызнаўшы маці і бацьку «абавязанымі асобамі».
Прычынамі канфіскацыі дзіцяці ў камісіі выканкама называлі тое, што яго бацька злоўжываў спіртным, у доме была антысанітарыя, адсутнічаў запас дзіцячага адзення і посуду, не было вадаправода.
Маці хлопчыка тлумачыла такую сітуацыю цяжкім матэрыяльным становішчам сям'і. Да дэкрэтнага адпачынку Алена працавала прыбіральшчыцай, атрымлівала каля 200 рублёў, іншую працу ў Лоеве знайсці не магла. Яе грамадзянскі муж таксама не мог знайсці працу ў райцэнтры. Зараз ён працаўладкаваны, але атрымлівае, па яго словах, каля 250 рублёў.
Паводле belapan.by