Шэсце ў Курапаты — 3 лістапада

Мінгарвыканкам дазволіў дэманстрацыю ў Дзень памяці продкаў. Традыцыйнае шэсце і мітынг адбудуцца 3 лістапада. Збор удзельнікаў  у 10:30 каля гадзіннікавага завода.



kurapaty3.jpg

Удзельнікі шэсця пройдуць па традыцыйным маршруце ад мінскага парку Чалюскінцаў да ўрочышча Курапаты па праспекце Незалежнасці, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. Людзі будуць несці бел-чырвона-белыя сцягі і крыжы, якія ўсталююць на месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а таксама свечкі і кветкі.
Акцыя на «Дзяды» праходзіць у Беларусі кожны год. Мерапрыемства ўвайшло ў гісторыю Беларусі тым, што ў 1988 годзе менавіта ў гэты дзень прайшоў масавы антысавецкі мітынг, арганізаваны Беларускім Народным Фронтам. Даведаўшыся страшную праўду Курапатаў, людзі прыйшлі ва ўрочышча, каб ушанаваць памяць тысячаў суайчыннікаў, расстраляных у гэтым месцы ў гады сталінскіх рэпрэсій. Тады ўпершыню за дзесяцігоддзі жыцця ў складзе СССР і падпольнай барацьбы за незалежнасць беларусы адкрыта ўзнялі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.
У гэтым годзе арганізатарам шэсця выступіла Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ.
svaboda.org