Дзяды–2013: Як? Дзе? Калі?

3 лістапада ў Мінску пройдзе традыцыйнае шэсце на Курапаты. Сёлета яно адбудзецца 25-ты раз — упершыню Дзяды ў Курапатах адзначалі 30 кастрычніка 1988 году. 



Тады, неўзабаве пасля стварэння аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, было задумана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Арганізатарам сёлетняга шэсця на Курапаты традыцыйна выступае Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Намеснік старшыні Юрась Беленькі падаваў заяву на правядзенне шэсця ў Менскі гарадскі і абласны выканаўчыя камітэты. За 5 дзён да мерапрыемства заяву задаволілі.

Юрась Беленькі чакае, што шэсце і мітынг пройдуць паводле класічнага сцэнару: удзельнікі прынясуць кветкі і знічкі, усталююць ва ўрочышчы крыжы, а пасля кароткага мітынгу памоляцца за душы памерлых продкаў:

gdb.rferl.org__49140fa9_382b_4_8e36b2966a40e4387a8354822431b167.jpeg

Юрась Беленькі

«Дадзены дазвол на правядзенне традыцыйнага мерапрыемства на Дзяды. Адбудзецца шэсце па Мінску і мітынг ва ўрочышчы Курапаты. Характар мерапрыемства наступны: у Мінску збор удзельнікаў адбудзецца а 10:30 на пляцоўцы перад будынкам гадзіннікавага заводу, з 11:00 да 14:30 будзе шэсце па праспекце Незалежнасці, вуліцах Каліноўскага, Сядых, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. Ва ўрочышчы Курапаты правядзем кароткі мітынг. Людзі прыйдуць з кветкамі, знічкамі, прынясуць крыжы, якія мы ўсталюем на магілах. Абавязкова будзе нацыянальная сімволіка — бел-чырвона-белыя сцягі».

У шэсці традыцыйна ўдзельнічаюць і прадстаўнікі іншых партыяў і арганізацыяў. Партыя БНФ заклікала сваіх сяброў далучыцца да святкавання. Гэта пацвердзіў яе старшыня Аляксей Янукевіч:

gdb.rferl.org__5f1fc8bc_3b47_4_b954a9ec7952b2b59ba826ba17ee5827.jpeg

Аляксей Янукевіч

«3 лістапада мы далучаемся да шэсця, якое ладзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Мы збіраем нашых людзей і далучымся да той калоны, якая будзе сфармаваная. Пройдзем разам з усімі да Курапатаў. Па Беларусі нашыя рэгіянальныя структуры ў гэтыя выходныя праводзяць ушанаванні магілаў фронтаўцаў, а таксама ў некаторых гарадах адбудзецца ўшанаванне месцаў пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў».

А вось старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард асабіста не пойдзе на Дзяды. Кажа, што на гэты час запланаванае пасяджэнне цэнтральнага камітэту яе партыі. Аднак удзел сябраў Грамады ў шэсці Ірына Вештард вітае:

gdb.rferl.org__4fc13e98_9b44_4_0fad32e35a84dbc5185c4b04265eebf8.jpeg

Ірына Вештард

«Я да ўсіх такіх падзеяў стаўлюся станоўча. Калі мае аднапартыйцы збяруцца ў вялікай колькасці і далучацца да шэсця, то я буду толькі рада. На партыйным узроўні ў нас была прапанова ўзяць удзел у Дзядах, але было вырашана, што, каб ісці на такое мерапрыемства, павінна быць асабістае памкненне і жаданне кожнага».

Арганізатары шэсця на Дзяды ў апошнія гады адзначаюць, што да святкавання далучаецца ўсё больш моладзі. Аднак актывіст «Zмены», а гэта моладзевае крыло грамадзянскай ініцыятывы «Гавары праўду», Павал Вінаградаў кажа, што арганізавана ўдзельнічаць планаў няма:

«Нягледзячы на тое, што агульнага плану ўдзелу ў нас няма, багата актывістаў пойдуць на шэсце».

Затое актывісты «Маладога фронту», якія штогод бяруць удзел у святкаванні, будуць сярод удзельнікаў і сёлета. Сустаршыня арганізацыі Зміцер Дашкевіч адзначае, што такія мерапрыемствы гуртуюць людзей вакол спрадвечных беларускіх каштоўнасцяў:

«Натуральна, што мы ўдзельнічаем у гэтай акцыі ад пачатку да канца. Будзем несці расцяжкі, сцягі, кветкі. Мы сябраў нашай арганізацыі ўсіх заклікалі да ўдзелу. Для нас у першую чаргу гэта памяць пра тых людзей, якія паклалі свае жыцці за тое, каб мы жылі ў незалежнай і вольнай дзяржаве».

www.svaboda.org