Сцяжынкі жыцця. Чаму не варта паўтараць за іншымі?
Спрабуем разабрацца, чаму трэба шукаць свайго нязведанага жыццёвага шляху, а не ісці ўжо пратаптанымі чужымі сцяжынамі.
У сацыяльных сетках, тым жа Іnstagram, часта можам пабачыць прывабную рэкламу, асноўны мэсыдж якой гучыць прыкладна так: хочаш тое і тое, тады запісвайся на курсы, я навучу. Гучыць, натуральна, заманліва, бо хто ж не хоча мала працаваць і добра пры гэтым зарабляць?
Пэўна, ці не кожны з нас хацеў бы мець на сваім рахунку мільён даляраў, або наогул свой уласны банк, быць паспяховым і звышзапатрабаваным, жыць у цёплай краіне ды працаваць у камфотных умовах на беразе мора. Але так бывае далёка не ва ўсіх. Нават калі паверыш у рэкламу, запішашся на аднадзённыя курсы і заплоціш вялікія грошы.
Рэч у тым, што трэба абіраць свой жыццёвы шлях, грунтуючыся на сваіх інтарэсах, а не на тым, што выбіраюць вашыя калегі, сябры, знаёмыя і тым больш незнаёмыя вам людзі. Адстойвайце тое, што вы лічыце вартым, незалежна ад таго, як да гэтага ставяцца іншыя людзі.
Пакіньце тую працу, якая выклікае сталае расчараванне. Пазбаўцеся ад страху быць асуджаным і проста рабіце тое, што вы лічыце правільным. Бо ўсяму можна навучыцца самому, або знайсці кампетэнтнага спецыяліста, які дапаможа разабрацца.
Каб раскрыць свае схаваныя таленты, вы павінны адпусціць усе свае перадузятыя ўяўленні, якія былі навязаны ў свой час іншымі. Не бойцеся ісці дарогай, па якой яшчэ ніхто не хадзіў, бо можа аказацца так, што вы сустрэнеце там нешта не толькі цікавае, але і абсалютна новае.
Быць самім па сабе
Адно з лепшых выслоўяў, якое раскрывае сутнасць непрыняцця агульнапрынятых догмаў, належыць амерыканскаму пісьменніку Крыстаферу Морлі, які сказаў:
«Штодня чытай тое, чаго не чытае ніхто. Штодня думай аб тым, аб чым не думае ніхто. Для розуму шкодна заўсёды быць часткай аднадушнай думкі».
Але не горш за яго прамовіў і Ральф Эмерсан, амерыканскі мысляр:
«Лёгка можна жыць у грамадстве, кіруючыся яго меркаваннем; лёгка можна жыць па-свойму, знаходзячыся ў адзіноце; але сапраўды вялікі той, хто, знаходзячыся сярод натоўпу, умее захоўваць выключную гнуткасць у спалучэнні з незалежнасцю і адасобленасцю».
Ніколі не спяшайцеся ісці за натоўпам, бо гэтае шэсце можа аказацца пахавальнай працэсіяй.
Не чакайце
адабрэння
Многія людзі, калі прыходзіць час прыняць нейкае важнае рашэнне, замест таго, каб давяраць сваім логіцы, інтуіцыі і досведу, спачатку шмат раюцца. І толькі потым нарэшце прымаюць рашэнні.
Кепскага ў тым, вядома, нічога няма. Але бывае так, што такія людзі ставяць меркаванне іншых вышэй за сваё. Гэтая эмацыйная схільнасць да адабрэння вынікае з адсутнасці ўпэўненасці ў сабе і жадання дагадзіць усім.
Паспяховыя людзі ідуць іншым шляхам: яны вельмі сур'ёзна ставяцца да парад, якія атрымліваюць. Але разам з тым улічваюць толькі меркаванні тых, хто мае пэўныя кампетэнцыі ў тым ці іншым пытанні, і не ставяцца сур'ёзна да меркаванняў усіх і кожнага.
Асабліва, калі гаворка заходзіць аб праблемах, у якіх у дарадцаў досведу амаль няма. У рэшце рэшт, яны робяць тое, што лічаць правільным, а не тое, у чым іх пераконваюць іншыя людзі. Бо наўрад ці першы-лепшы падкажа, як вам правільна нешта арганізаваць.
Пераасэнсоўвайце
сваю ролю
Сёння свет развіваецца надзвычай імкліва. Гэта закранае ў тым ліку і будову кампаній ды арганізацый: зараз супрацоўнікі значна хутчэй прасоўваюцца па кар'ернай лесвіцы, чым раней, часцей атрымліваюць новыя абавязкі.
Але пасля доўгачаканага павышэння мы нярэдка працягваем працаваць так, як і на старой пасадзе. Карыстаемся тым жа вобразам мыслення, не змяняем звычак і завядзёнак, хаця нашыя абавязкі цалкам памяняліся.
Калі вы адчуваеце, што топчацеся на адным месцы, самы час пераасэнсаваць сваю ролю. Напрыклад, скарыстайцеся матрыцай Эйзенхаўэра. Згодна з ёй справы можна падзяліць на важныя тэрміновыя, важныя нетэрміновыя, няважныя тэрміновыя і няважныя нетэрміновыя.
Часцей за ўсё мы выпускаем з-пад увагі важныя, але нетэрміновыя справы, хоць менавіта яны і дапамагаюць нам рухацца наперад. І аказваемся ў палоне тэрміновых, але не такіх важных задач: разбора пошты, неабавязковых званкоў, выпраўлення памылак. Таму час ад часу рабіце сабе такую праверку.
Адсочвайце, колькі вы марнуеце свайго працоўнага часу на важныя нетэрміновыя справы і ці не занадта пагрузіліся ў дробязі. Вучыцеся правільна выстаўляць свае прыярытэты.
Як заўжды
заставацца цікавым чалавекам?
1. Атрымлівайце досвед. Даследаванні паказваюць, што ключом да ўпэўненасці ў сабе з'яўляецца наяўнасць досведу ў якой-небудзь справе.
2. Вывучайце гісторыі ўпэўненых людзей. Прасачыце за тым, як упэўненыя людзі паводзяць сябе: як яны выглядаюць, рухаюцца, як і што яны кажуць.
3. Будзьце гатовыя расказаць добрую гісторыю. Падрыхтуйце загадзя некалькі гісторый, якія можна будзе расказаць падчас няёмкай паўзы ў размове.
4. Праяўляйце цікаўнасць. Для таго, каб быць добрым суразмоўцам, трэба ўмець не толькі размаўляць, але і слухаць.
5. Забараніце свайму ўнутранаму голасу казаць пра вас у негатыўным ключы. Вырашыце для сябе, хто галоўны ў вашым жыцці: вы ці ваш унутраны голас.