Сафію Сапега арыштавалі на два месяцы

Расіянку Сафію Сапега, затрыманую ў Мінску разам з Раманам Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair», арыштавалі на два месяцы. Пра гэта «Бі-Бі-Сі» паведаміў яе адвакат Аляксандр Філановіч.

756219375150682_1.jpg


«Сёння быў допыт Сафіі. Ёй прад'яўлена падазрэнне ў здзяйсненні крымінальна-каральнага дзеяння. Абраная мера стрымання — утрыманне пад вартай на тэрмін два месяцы», — распавёў ён.
Паводле яго слоў, цяпер Сапега знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Стан Сафіі нармальны, сказаў Філановіч. Ён спадзяецца, што ў сераду яму ўдасца яе наведаць.
«Следства вядзе Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Ёй [Сафіі Сапега] аказана і будзе надавацца належная юрыдычная дапамога», — сказаў адвакат, адзначыўшы, што з яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні.
У чым менавіта падазраюць Сапега, Філановіч з-за падпіскі адказаць не змог. Аднак, паводле яго слоў, «цяпер следства рыхтуе інфармацыю для консульства Расійскай Федэрацыі, і, магчыма, інфармацыя з'явіцца праз дзяржаўныя СМІ».
Увечары 25 траўня праўладныя прапагандысцкія тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім Сафія Сапега кажа, што з'яўляецца рэдактаркай тэлеграм-канала «Чёрная книга Беларуси», у якім публікуюць асабістыя даныя сілавікоў.
Прадстаўнік амбасады РФ сустрэўся з арыштаванай у Беларусі грамадзянкай РФ Сапега, паведамілі РІА «Новости» ў дыпмісіі. Цяпер Расія чакае ад улад Беларусі афіцыйнай інфармацыі аб абранай меры стрымання.