“Рок-каранацыя” адраджаецца
Легендарная рок-прэмія вернецца да гледачоў пасля перапынку ў чатыры гады.
Гэтую эксклюзіўную навіну паведамілі заснавальнік прэміі Юрый Цыбін, а таксама прадусар і рэжысёр Сяргей Ісакаў. Па іх словах прэмію чакаюць пэўныя змены: пераможцаў будуць вызначаць не столькі эксперты-музыказнаўцы, колькі масавы глядач праз інтэрнэт-галасаванне. Яно будзе праходзіць на папулярным канале youtube.com, дзе ўжо з'явіўся афіцыйны канал “Рок-Каранацыя”. Месца правядзення прэміі вызначаецца. “Гэта залежыць не толькі ад нас, але спадзяемся на мінскую пляцоўку”, — кажуць суразмоўцы.
Да адраджэння “Рок-каранацыі” Сяргей Ісакаў падрыхтаваў меламанам сюрпрыз: на канале ужо выкладзеныя архіўныя відэа, пачынаючы з 2000 года. “Усе архівы аблічбаваныя і апрацаваныя для паказаў па ТБ і ў інтэрнэце, — сказаў Ісакаў. — У розныя гады некаторыя відэа дэманстраваліся па тэлеканалах "Мір" і "Белсат". Але зараз мы ўпершыню апублікуем усё відэа ў поўным аб'ёме”. Гледачы ўжо могуць убачыць “N.R.M” з Лявонам Вольскім і маладым Сяргеем Міхалком.
Паводле: Народная воля