Расследаванне: На баку Расіі ва Украіне ваююць беларускія крымінальнікі і былыя сілавікі

Пасля ўварвання Расіі ў Украіну ураджэнцы Беларусі далучаюцца не толькі да частак УСУ, але і да іх супернікаў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрымцы «К*берпартызан» знайшоў каля дзясятка такіх прарасійскіх байцоў.

1784790818_0_138_3242_1963_1920x0_80_0_0_27bdee251e4181c0db178438cd6cce91.jpg

Як правіла, гэта людзі з баявым вопытам або крымінальным мінулым. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ім пагражае крымінальная адказнасць, гэта не перашкаджае некаторым спакойна прыязджаць дадому і даваць інтэрв'ю дзяржаўным СМІ. Праваахоўныя органы не спяшаюцца затрымліваць гэтых байцоў.

Расійская армія нясе істотныя страты ў вайне супраць Украіны. Але ў Маскве не любяць пра гэта казаць. У апошні раз расійскае Мінабароны паведамляла аб загінулых і параненых чатыры месяцы таму. На фоне вялікіх страт ва Украіне ў Расіі ідзе масавы набор дабраахвотнікаў на вайну. СМІ распавядалі аб адкрыцці 14 пунктаў вярбоўкі наймітаў у Сірыі. Сірыйскім добраахвотнікам абяцалі плаціць ад 300 да 1100 даляраў у месяц у залежнасці ад спецыяльнасці.

Шырокі набор наймітаў на вайну з Украінай вядуць і ў Расіі. «Важныя гісторыі» высветлілі, што вярбуюць і беспрацоўных, і зняволеных. Актыўнасць праяўляюць прыватная ваенная кампанія «Вагнер», якую звязваюць з «кухарам Пуціна», бізнэсменам Яўгенам Прыгожыным.

З 8 ліпеня другая арганізацыя абвясціла аб прыёме замежнікаў. Журналіст БРЦ пад выглядам дабраахвотніка патэлефанаваў, каб даведацца, ці возьмуць на вайну беларуса. Аказалася, у гэтым няма ніякіх праблем. У месяц абяцалі мінімум 2000 даляраў.

Афіцыйна ў Саюзе добраахвотнікаў Данбаса сказалі, што беларусы тэлефануюць кожны дзень. Маўляў, ахвотных сотні, але колькі з іх запісалася ваяваць, у арганізацыі не раскрываюць. Там таксама не змаглі сказаць, колькі беларусаў ужо ваюе ва Украіне.

Па розных крыніцах журналісты знайшлі каля дзясятка чалавек. Праўда, некаторыя ўжо загінулі.

Сярод іх — ураджэнец Ваўкавыска Васіль Курловіч, які меў некалькі судзімасцяў, у тым ліку за наркотыкі.

8p162ojqe5ikamtkp4ua.jpg

Курловіч ваяваў на Данбасе з 2014 года. Служыў у агнямётнай роце, якая дыслакуецца ў Алчэўску Луганскай вобласці.

За ўдзел у баях пад Дэбальцава атрымаў узнагароду ад імя кіраўніка ЛНР. 47-гадовы Васіль Курловіч, па дадзеных телеграм-канала «Саюз маці», загінуў 22 сакавіка 2022 года.

«Мы з ім служылі ў адной роце, у сакавіку месяцы пры выкананні баявога задання загінуў ад снайпера, цела [тады] не маглі забраць, зараз прайшоў час. Я не ведаю, забралі яго ці не», — распавёў Міхаіл Шагодзін, калега Курловіча.

Акрамя Курловіча ў сацсетках альбо іншых крыніцах журналісты знайшлі яшчэ пяць ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі на гэтай вайне. Гэта Павел Еўглеўскі, Пётр Лузанаў, Мікалай Маркаў, Уладзіслаў Чарноў і Андрэй Бабко. Украінская выведка ў сваю чаргу паведамляла пра пахаванне двух беларускіх наймітаў, не называючы іх імёны.

Але сярод беларусаў ёсць тыя, хто працягвае ваяваць ва Украіне.

Большасць беларусаў, якія ваююць у расійскіх і прарасійскіх падраздзяленнях ва Украіне, адкрыта пра сваю дзейнасць не распавядаюць. Але ў шэрагах арміі ДНР расследвальнікі знайшлі чалавека, які ператварыў сваю старонку «ВКонтакте» ў ваенна-палявы дзённік. Гэта 52-гадовы Анатоль Малчанаў, ураджэнец Вінніцы, які шмат гадоў пражыў у Гомелі, дзе меў судзімасці, у тым ліку за крадзеж і нявыплату аліментаў.

htbjxevkwo1jal0mwixm.jpg

Яшчэ ў 2004 годзе ён трапіў у поле зроку КДБ за ўдзел у руху казакоў «Белая гвардыя».

У 2014 годзе быў у шэрагах «Крымскай самаабароны», удзельнічаў у блакаванні ўкраінскіх вайсковых баз. Пасля прыбыў у Славянск, дзе камандаваў ротай разведкі пад пазыўным СОБР. Атрымаў цяжкае раненне ў руку, перанёс аперацыю, ваяваў аж да канца 2014 года ў званні падпалкоўніка узброеных сіл ДНР.

З сакавіка 2022 года Малчанаў выклаў на старонцы «ВКонтакте» фота са зброяй у руках на фоне разбураных будынкаў на Данбасе.

У красавіку 2022 годзе ён напісаў, што яго рапарт аб пераводзе ў штурмавой батальён задаволілі, а ў чэрвені выклаў фота ў форме Узброеных Сіл самаабвешчанай ДНР.

Малчанаў ў сацыяльных сетках у асноўным аналізуе сітуацыю на фронце, аб асабістым вопыце распавядае мала.

Анатоль Малчанаў пагадзіўся на інтэрв'ю за 70 тысяч расійскіх рублёў. «Мяне ў гэтым жыцці цікавяць толькі сэкс і грошы», — напісаў Малчанаў у адказ на запыт. Расследвальнікі не змаглі ўгаварыць яго на бясплатны каментар.

Малчанаў не адзіны беларус, які ваюе за сепаратыстаў ва Украіне. У пачатку траўня ў тэлеграм-каналах з'явілася відэа з чалавекам у вайсковай форме і аўтаматам у руках, у якім калегі з «Н*шай Нівы» апазналі Андрэя Грышуціна.

screenshot_2022_07_28_at_10.42.581.png

У свой час ён служыў старшыной роты ў спецназаўскай частцы 3214 і малодшым сяржантам у палку патрульна-паставой службы міліцыі.

У 2012 годзе незаконна прадаваў насенне маку. Ваяваў снайперам на Данбасе як мінімум з 2015 года. Пазыўны — Беларус.

Маці Грышуціна распавяла, што яе сын жыве на Данбасе з 2014 года. Там ажаніўся і завёў дзіця. Нейкі час працаваў у ДАІ. Калі пачалася вайна, 42-гадовы Грышуцін узяў у рукі зброю.

«Ён цяпер ужо не беларус, а грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Ён там жыве. Гэта яго дом. Ён яго абараняе. Ён ніякі не найміт. Ён у мяне нармальны добры хлопчык», — сказала Ала Грышуціна, маці Андрэя Грышуціна.

Яна перадала сыну просьбу аб інтэрв'ю, але той адмовіўся. Па словах маці, на сына завялі крымінальную справу, у 2015 годзе да яе прыходзілі супрацоўнікі КДБ і распытвалі пра яго.

Засвяціліся на вайне і беларускія найміты з ПВК «Вагнер». Гэта ўраджэнец Оршы Аляксандр Ступніцкі і ўраджэнец Рэчыцы Сяргей Сазонаў, якія раней служылі ў сілавых органах.

Спачатку яны ваявалі на Данбасе, затым, паводле звестак СБУ, у Сірыі, а Ступніцкі яшчэ і ў Судане. Зараз украінскія ўлады падазраюць іх у забойствах і катаваннях мірных жыхароў Кіеўскай вобласці.

jeflrbxjtk6snmekfgkc.jpg
qhqgdhqohg3mnkocojec.jpg


Ёсць сярод наймітаў расійскага ПВК і пачаткоўцы.

38-гадовы ўраджэнец Бабруйска Дзяніс Зуб распавёў, што ваюе па кантракце як снайпер з пачатку баявых дзеянняў ва Украіне. Быў каля Харкава і Севераданецка. Сцвярджае, што забіў 42 ўкраінскіх вайскоўцаў.

doi3xvmn8gjeepgkjev6.png

У 2014-2020 гадах, паводле розных ацэнак, на баку ЛНР і ДНР ваявала ад сотні да сямісот беларусаў. Цяпер іх можа быць менш. Некаторыя баяцца крымінальнага пераследу. У Беларусі за наёмніцтва, якое мае на ўвазе атрыманне матэрыяльнай выгады, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя таго, у беларускім Крымінальным кодэксе ёсць артыкул за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны або замежнай ўзброеным фарміраванні, за што пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У верасні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «з тымі, хто сёння ваюе, мы разбярэмся, калі яны вернуцца ў краіну».

«Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы прынялі рашэнне: калі ты пайшоў ваяваць — гэта значыць забіваць — не важна, на баку Данбаса ці супраць яго, то мы з цябе спытаем», — сказаў ён.

У сумеснай базе МУС і КДБ, апублікаванай ініцыятывай B*POL, налічвалася 140 беларусаў, якія ваявалі на баку сепаратыстаў на Данбасе. Беларускія сілавікі лічылі, што яны нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы і павінны адказаць перад законам. Але гэта не перашкаджае некаторым з іх бесперашкодна прыязджаць у Беларусь.

19 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі беларуса, які ваюе на баку ДНР. Гэта 46-гадовы ураджэнец Асіповічаў Сяргей Ланавенка.

Раней ён прыцягваўся за гвалт у дачыненні да інспектара ДПС.

lmnujalyay7brkyrbj7n.jpg

Расследвальнікі звязаліся з Ланавенкам па тэлефоне. Ён распавёў, што знаходзіцца на Данбасе з канца лютага. Спачатку дапамагаў уцекачам з Марыупаля, а потым узяў у рукі зброю. Ваюе ў складзе народнай міліцыі ДНР у раёне Аўдзееўкі, але не толькі там.

Ланавенка кажа, што на яго руках няма крыві нявінных людзей, ён ваюе з ідэйных меркаванняў. Яго заробак у разы менш, чым у расійскай арміі, дзе атрымліваюць па 200 тысяч рублёў у месяц. Маўляў, калі б не валанцёры і трафеі, то давялося б туга.

У ліпені Ланавенка прыехаў у адпачынак у Беларусь. Кажа, што ні на мяжы, ні ў родным горадзе да яго не было пытанняў з боку сілавікоў. Ланавенка разумее, што парушае беларускі закон і гатовы за гэта адказаць.

«Калі я яшчэ раз надумаю прыехаць, пытанні ў любым выпадку будуць задаваць. Гэта іх праца. Я толькі за. Тым больш у мяне такая падрыхтоўка. Спецслужбы абавязаныя мяне трымаць у поле зроку. Я ведаю, што маё сумленне чыстае, дзейнічаю па клічу сумлення», — сказаў ён.

Журналісты патэлефанавалі ў МУС, каб даведацца, якія там прымаюць меры супраць беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расіі. Намеснікі міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў і Генадзь Казакевіч адмовіліся ад каментароў па тэлефоне. У прэс-службе не адказалі на нашы званкі і запыты. Шэраг экспертаў мяркуе, што беларускія ўлады цяпер не будуць саджаць наймітаў, якія ваююць на баку Расіі.

«У любых пастсавецкіх карумпаваных дыктатурах правапрымяненне вызначаецца ў першую чаргу палітычнай мэтазгоднасцю. Гэта значыць, цяпер у сітуацыі, калі адбываецца ціск на Мінск для адкрытага ўступлення ў вайну, у гэтай сітуацыі лішні раз раздражняць Крэмль, узмацняць напружанасць у адносінах з Масквой, я думаю, не ў інтарэсах кіруючага рэжыму ў Беларусі», — рэзюмаваў даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.