Расійскія сыркі і эскімо з кішэчнай палачкай знайшлі ў Лідзе і Навагрудку
Гэтую прадукцыю забаранілі для ўвозу ў нашу краіну, паведамляе Еўрарадыё.
У Лідзе і Навагрудку выявілі расійскія малочныя прадукты з кішэчнай палачкай. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла галоўны дзяржаўны інспектар аддзела дзяржнагляду горада Ліда Гродзенскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту Ірына Квочкіна.
Гаворка ідзе пра глазураваныя сыркі з заменнікам малочнага тлушчу і марозіва эскімо з заменнікам малочнага тлушчу.
Продаж гэтых сыркоў і марозіва забаронены. Акрамя таго, спецыялісты забаранілі пастаўкі гэтай прадукцыі ў Беларусі, а таксама спынілі і дзеянне дэкларацыі пра адпаведнасць на тэрыторыі краіны.
Па словах Квочкінай, сыркі зробленыя з натуральнага тварагу і малака пры належных умовах захоўваюцца да 15 сутак, марозіва — шэсць месяцаў. "Калі на ўпакоўцы пазначана, што тэрміны захоўвання вышэйшыя, можна меркаваць, што ў склад уваходзяць кансерванты ды іншыя кампаненты, якія падаўжаюць тэрмін прыдатнасці. Таму варта ўважліва чытаць і аналізаваць інфармацыю пра склад прадуктаў", — дадала спецыялістка.