Расіі — паклон, Захаду — палітвязень
Даўно беларускія вышэйшыя чыноўнікі не выказвалі столькі кампліментаў на адрас сваіх расійскіх візаві. А вось з Захадам пакуль што неяк не складваецца, хоць праглядаюцца кепска прыхаваныя патугі афіцыйнага Мінска вярнуцца да дыялогу з Брусэлем.
Даўно беларускія вышэйшыя чыноўнікі не выказвалі столькі кампліментаў на адрас сваіх расійскіх візаві. А вось з Захадам пакуль што неяк не складваецца, хоць праглядаюцца кепска прыхаваныя
патугі афіцыйнага Мінска вярнуцца да дыялогу з Брусэлем.
Увесь апошні час большасць размоваў у краіне вялася вакол першага на новай-старой пасадзе замежнага візіту кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна. Нягледзячы на чуткі, што сваю першую замежную паездку
новаабраны ўладар Крамля можа здзейсніць у Астану, расійскі «нацыянальны лідар» усё ж вырашыў ашчаслівіць сталіцу «братняй» Беларусі. Такім чынам, лічаць эксперты,
Крэмль дае зразумець, што на сённяшні дзень менавіта Мінск з’яўляецца яго галоўным стратэгічным партнёрам. Да таго ж, і Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі пакуль што ніхто не адмяняў. Адным
словам, усё адно да аднаго.
Вось і расійскі прэм’ер Дзмітры Мядзведзеў падчас сустрэчы са сваім беларускім калегам Міхалам Мясніковічам у Ашгабадзе 29 мая, напярэдадні пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД,
выказаў меркаванне, што «расійска-беларускія стасункі сёння перажываюць вельмі добрыя часы». Мядзведзеў дадаў, што візіт у Беларусь Уладзіміра Пуціна «ёсць гістарычнай
падзеяй для развіцця стасункаў паміж дзяржавамі, бо гэта яго першы замежны візіт на пасадзе прэзідэнта». (Быццам раней Пуцін на гэтай жа пасадзе не наведваў сталіцу Сінявокай!). На што
Мясніковіч адказаў, што Беларусь зараз вельмі актыўна рыхтуецца да гэтага візіту.
Хто б сумняваўся. Бо нават Аляксандр Лукашэнка даручыў падначаленым добра падрыхтавацца да прыезду Уладзіміра Уладзіміравіча. Ужо вядома, што адным з пытанняў, якія афіцыйны беларускі кіраўнік
прапануе для абмеркавання свайму расійскаму калегу, — гэта перспектывы развіцця ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Не выключана, што са сваімі прапановамі да нас едзе і
Пуцін, бо пытанне прыватызацыі смачных кавалкаў беларускай дзяржаўнай маёмасці з парадку дня ніхто не здымаў.
І разглядацца гэта пытанне, верагодна, будзе ў кантэксце прадастаўлення Беларусі чарговага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 440 мільёнаў долараў, які мусіў паступіць яшчэ ў лютым.
Дарэчы, згодна з умовамі гэтага крэдытавання, сёлета Беларусь павінна прадаць маёмасці на 2,5 мільярда долараў, але прайшло паўгода, а нічога пра нейкія буйныя продажы не чуваць. Пасля візіту Пуціна,
магчыма, стане вядома, ці ўдалося расійскаму боку дабіцца ад Лукашэнкі продажу нейкай часткі беларускага «фамільнага срэбра».
А тым часам былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрый Вус звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з адкрытым лістом, у якім сцвярджае, што беларускі кіраўнік «будзе ўсяляк перашкаджаць рэалізацыі
праекта Мытны саюз — Адзіная эканамічная прастора». «Немагчыма стварыць АЭП Расіі, Казахстана і Беларусі з наступным стварэннем Еўразійскага саюза, калі ў Беларусі не
выконваюцца асноўныя ўмовы для стварэння АЭП: свабоднае перасоўванне тавараў, паслуг, працоўнай сілы і капіталу, — піша Вус. — Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу Расіі пры
адкрыцці рахункаў і фірм у Беларусі адразу трапляюць у поле зроку беларускіх спецслужбаў, якія поўнасцю ўплываюць на іх бізнэс». «Вядомы выпадкі поўнага спусташэння расійскіх фірм у
Беларусі. Беларусі суд, як і спецслужбы, з’яўляецца рычагом уціску на бізнэс. Судовыя рашэнні выносяцца па званку з Адміністрацыі прэзідэнта і спецслужбаў рэжыму», —
гаворыцца ў лісце Вуса Пуціну. Пры гэтым спадар Вус чамусьці лічыць, што «простыя грамадзяне Беларусі падтрымліваюць Мытны саюз, бо ён з’яўляецца «залогам росквіту нашай
краіны». Пакінем гэтае меркаванне на сумленні экс-кандыдата ў прэзідэнты. Дарэчы, а чаму Вуса цікавіць лёс толькі расійскіх бізнэсоўцаў? А нашы што — у лепшым становішчы?
А вось у заходнім накірунку беларускае кіраўніцтва ніякіх пазітыўных рухаў пакуль не робіць, хоць галоўны беларускі чыноўнік заяўляе пра шматвектарнасць айчыннай палітыкі. Мала таго, Аляксандр
Лукашэнка 25 мая ў Полацку зноў паўтарыў сваю ідэю стварэння адзінай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. «Беларусь — гэта не задворкі Еўропы, а брама ў ЕўраАзію, ключ да
практычнага ажыццяўлення ідэі інтэграцыі інтэграцый. Бо аб’яднанне патэнцыялаў Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў дазволіць стварыць новыя магчымасці для дынамічнага развіцця і ўсебаковага
супрацоўніцтва краін і народаў двух кантынентаў. Менавіта ў прасоўванні гэтай ідэі мы бачым найважнейшую місію і геапалітычную ролю нашай дзяржавы як звязуючага звяна», — адзначыў
беларускі кіраўнік.
Нешта мне падказвае, што місіянерская роля беларускай дзяржавы ў пытанні «інтэграцыі інтэграцый» крыху перабольшаная. Да таго ж, вядома, як да беларускага кіраўніцтва ставяцца сёння
ў пераважнай большасці еўрапейскіх краінаў. Існуюць спісы неўязных на тэрыторыю Еўрасаюза беларускіх чыноўнікаў, Еўропа настойліва патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення пераследу апанентаў
дзеючай улады і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. А што тым часам робіцца на ўсход ад Буга? У Беларусі працягваюцца арышты апазіцыйных дзеячаў, пераслед праваабаронцаў і, як апошні штрых,
— з’явіўся яшчэ адзін палітвязень.
29 мая суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Васіля Парфянкова да шасці месяцаў арышту. Парфянкова абвінавацілі ў парушэнні
ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Васіль падчас апошняй выбарчай кампаніі ўваходзіў у каманду кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева і стаўся першым асуджаным па справе аб масавых беспарадках у
Мінску 19 снежня 2010 года. Як сцвярджаў пракурор Сцяпурка, Парфянкоў парушаў умовы нагляду. У выніку — на паўгода за краты. Дык што, гэта крок насустрач дыялогу з Захадам? Хутчэй, гэта
месідж Еўропе, што ціснуць на афіцыйнага беларускага кіраўніка, які, па выказванні Някляева, «хоча — карае, хоча — мілуе», бессэнсоўна.
А з 1 чэрвеня чарговая «дробная непрыемнасць» чакае шараговых грамадзян. Для аматараў папаліць паведамім, што павялічыцца кошт на некаторыя тытунёвыя вырабы ад 3 да 50 працэнтаў.
Таксама ў гэты ж дзень «з улікам росту даходаў насельніцтва» ўзрастуць расцэнкі на паслугі ЖКГ (пастанова Савета Міністраў № 486 ад 28 мая 2012 года). Згодна з гэтай пастановай,
плацяжы сям’і з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 квадратных метраў, з улікам ацяплення павялічацца на 17 тысяч рублёў, альбо на 8,6%, у тым ліку
на цеплавую энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння — на 10 тысяч рублёў, на паслугі водазабеспячэння і каналізацыі — на 7 тысяч рублёў. І не забудземся, што ў
чэрвені яшчэ на 5% падаражэе хлеб. Гэта толькі тое, што мы ведаем дакладна. А колькі яшчэ можа быць сюрпрызаў у нашай «стабільнай і квітнеючай», ведае адзін Усявышні. І магчыма,
той, хто «крыху вышэй за яго».