Праваабаронцы не здаюцца

Ні для каго не сакрэт, што праваабаронцы разам з незалежнымі журналістамі ёсць сапраўднай косткай у горле беларускіх уладаў. Усімі праўдамі і няпраўдамі чыноўніцтва самага рознага кшталту спрабуе нейтралізаваць іх дзейнасць. Прычым пад уладны молах трапляюць як асобныя людзі, так і цэлыя арганізацыі. 



pora_1_logo.jpg

26 лістапада судовыя выканаўцы прыйшлі апячатваць офіс Праваабарончага цэнтру «Вясна», дзе праваабаронцы адпрацавалі дванаццаць гадоў. Офіс канфіскаваны ў адпаведнасці з рашэннем суда, які адбыўся 24 лістапада 2011 года над кіраўніком арганізацыі Алесем Бяляцкім. 
«Нават на нейкім фізічным узроўні адчуваецца пералом, які чакае нас і які ўжо, у прынцыпе, наступіў. Гэта пераломны дзень, калі мы павінны пакінуць наша гняздо — як у Купалы, зараз ужо разбуранае. На ўзроўні розуму мы гэтага чакалі, гэта не было неспадзяванкай. Але ёсць яшчэ і эмацыйны ўзровень, калі ўсё ўнутры супраціўляецца таму, што гэта ўжо адбылося і што мы сюды больш ніколі не прыйдзем. За дванаццаць гадоў прывыкаеш не толькі да людзей, але і да месца, а гэтае месца было для нас як другі дом — роднае. Гэта было не толькі месца працы, але месца, дзе сустракаліся аднадумцы, калегі, сябры. Гэта момант разрыву мінулага і будучага», — адзначыла сябра Рады «Вясны» Таццяна Равяка. 
Раніцай у панядзелак адбылося пасяджэнне Рады «Вясны», якая прыняла заяву з нагоды канфіскацыі офіса арганізацыі. Гэтую заяву журналістам агучыў намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч. 
«Рэпрэсіі супраць кіраўніка і сяброў Праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама канфіскацыя маёмасці не спыняць нашу працу, мы не згорнем ніводнага з напрамкаў легітымнай дзейнасці арганізацыі па абароне правоў чалавека. Усе ахвяры парушэнняў правоў чалавека па-ранейшаму могуць разлічваць на нашу дапамогу і падтрымку. Мы працягнем адстойваць каштоўнасці правоў чалавека, змагацца за іх выкананне беларускімі ўладамі, інфармаваць беларускае грамадства і міжнародную супольнасць аб рэальным стане з правамі чалавека ў Беларусі», — абяцаюць «вясноўцы». 
Сёлета ўлады праз судовае рашэнне спынілі дзейнасць яшчэ адной праваабарончай арганізацыі. 9 кастрычніка гаспадарчы суд Мінска зліквідаваў Інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Платформа», якая займалася дапамогаю людзям, што сутыкнуліся з беларускай пенітэнцыярнай сістэмай, вывучала парушэнні правоў грамадзян, што апынуліся за кратамі.
27 студзеня і 24 мая 2012 года супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі праваабаронцу, былога следчага пракуратуры Алега Волчака. Ён ачольвае праваабарончы цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву», які пасля закрыцця ўладамі ў 2003 годзе мусіў атрымаць рэгістрацыю ў Кіеве (Украіна). Абодва разы Волчака абвінавачвалі ў дробным хуліганстве (лаяўся матам у грамадскім месцы — любімы праваахоўнікамі артыкул КаАП, па якім яны рэгулярна абвінавачваюць апанентаў дзеючай улады), і абодва разы суды пагаджаліся з бязглуздымі довадамі міліцыянтаў. Як вынік, юрыст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску 4 і 9 сутак адпаведна. А зараз ад праваабаронцы патрабуюць дэкларацыю аб даходах за 10 гадоў.
Варта ўзгадаць і сёлетняе траплянне ў спісы невыязных шэрагу праваабаронцаў і журналістаў: Алега Гулака, Гары Паганяйлы, Валянціна Стэфановіча, Жанны Літвіной ды іншых. Праўда, праз пэўны час улады спісалі гэта ўсё на нейкую тэхнічную памылку, але хто ж гэтаму паверыць? 
На мяжы ліквідацыі знаходзіцца адзіны ў Беларусі часопіс для інтэлектуалаў «ARCHE», цяпер ужо былы галоўны рэдактар якога Валеры Булгакаў быў вымушаны пакінуць Беларусь. Пад чарговай крымінальнай справай за нібыта паклёп на прэзідэнта ходзіць гродзенскі журналіст, сябра БАЖ Андрэй Пачобут. Больш за месяц за размешчаныя на ўласным сайце bnp.by фотаздымкі плюшавых мядзведзікаў, скінутых са шведскага лёгкаматорнага самалёта над Мінскам і Івянцом, у СІЗА КДБ правёў дваццацігадовы фотажурналіст Антон Сурапін. А колькі было яшчэ затрыманняў іншых журналістаў — пералічыць усё ў адным газетным артыкуле папросту немагчыма. 
Улады вызначылі для сябе галоўных сваіх апанентаў. Відавочна, што сёння гэта не тытульная апазіцыя, але ў большай ступені незалежныя СМІ і праваабаронцы. Мо таму, што, як адзначыў у апошнія хвіліны перад апячатваннем офісу «Вясны» кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, яны «працуюць больш эфектыўна, чым многія палітыкі»?