Першая ледзі дэміўрга “эканамічнага цуду”
Думка напісаць гэты артыкул прыйшла мне ў галаву крыху больш за месяц таму, 23 сакавіка. У гэты дзень памёр Лі Куан Ю, першы прэм’ер-міністр Сінгапура, апошні кіраўнік “дыктатур развіцця” ва Усходняй Азіі.
Акрамя яго былі Дэн Сяапін у КНР, Пак Чон Хі ў Паўднёвай Карэі, Цзян Цзінго на Тайвані. Гэтыя жорсткія, аўтарытарныя кіраўнікі, амаль усе з якіх былі нейкі час удзельнікамі камуністычнага руху сваіх краін, сталі дэміургамі эканамічнага цуду – за 20-30 гадоў яны ператварылі адсталы, яшчэ нядаўна паўкаланіяльны рэгіён у зграю “азіяцкіх тыграў”, далі магчымасць жыць заможна больш чым мільярду людзей, вывелі на вяршыню азіяцкія прамысловыя брэнды і засталіся ў гісторыі як аўтары самых паспяховых эканамічных рэформаў за апошнія паўсотні гадоў. Але спецыфіка эканамічных цудаў нас цяпер не цікавіць.
А цікавіць адзін з пералічаных палітыкаў, Цзян Цзінго, сын вядомага Чан Кайшы, аўтар і кіраўнік тайваньскіх рэформ . І яго першая лэдзі Цзян Фанлян — дакладней Фаіна Іпацьеўна Вахрава, нашая з вамі зямлячка. Нарадзілася будучая жонка рэфарматара пад Оршай.
Дакладнае яе паходжанне невядомае, але крыніцы сведчаць, што хутчэй за ўсё яна была з сям’і абеларушаных літоўскіх яўрэяў. Падчас навалы Першай сусветнай беларускія землі сталі не самым гасцінным месцам, і сям’я перабралася ў Екацерынбург (згодна з іншымі звесткамі, Фаіна нарадзілася ўжо на Урале). Так ці інакш, ужо ў дзяцінстве Вахрава стала сіратою, і яе выхоўвала старэйшая сястра. Нягледзячы на тое, што ў СССР усе нацыянальнасці былі роўныя, некаторыя былі больш роўныя за іншых, а некаторыя, адпаведна, менш. Яўрэі адносіліся да другой групы, і Фаіна Вахрава аддавала перавагу імені Алена: так яна звычайна называлася. З 16 гадоў яна пайшла працаваць на Уральскі завод цяжкага машынабудавання, славуты Уралмаш. І там сустрэла чалавека, які насіў абсалютна рускае імя Мікалай Уладзіміравіч Елізараў, але выглядаў зусім не як рускі. Ён працаваў у механічным цэху і рэдагаваў газету завода, куды пачала пісаць Фаіна. У выніку яны шмат часу маглі праводзіць разам і хутка ўзаемна зацікавіліся. Праз два гады пара ажанілася, але яшчэ да гэтага Фаіна даведалася, што яе каханы — не Мікалай, не Уладзіміравіч і ні ў якім выпадку не Елізараў.
Падчас цеснага супрацоўніцтва камуністычнага СССР і Кітая пад кіраваннем нацыяналістычнага Гаміньдана краіны актыўна пасылалі адна ў адну паслоў, спецыялістаў і моладзь для навучання. Так у Маскву трапіў сын лідара Гаміньдана Чан Кайшы — Цзян Цзінго. Спачатку ён жыў у старэйшай сястры Леніна Мар’і Ільінічны Елізаравай, ад якой і атрымаў рускую фамілію (імя па бацьку — хутчэй за ўсё ад самога Леніна, бо мужа Елізаравай звалі Марк). Нейкі час юнак вучыўся ў Маскве, аднак з цягам часу Чан Кайшы пачаў пазбаўляцца ад левых у Гаміньдане, адносіны СССР і Кітая пагоршыліся, і Елізараў-Цзінго апынуўся на Урале (англамоўныя крыніцы сцвярджаюць, што быў сасланы па загадзе Сталіна, але ці не прасцей было выслаць яго з краіны?). Урэшце Цзян Цзінго і Фаіна Вахрава ў 1937 годзе перабраліся ў Кітай.
Ужо ў Паднябеснай у Цзінго і Цзян Фанлян (Фаіна Вахрава, калі прыехала ў Кітай, ізноў правяла з мужам шлюбны абрад і атрымала кітайскае імя) нарадзіліся двое сыноў і дачка. Але спакойнага жыцця не атрымалася. Па-першае, Чан Кайшы не быў у захапленні ад савецкай жонкі сына і толькі пасля нараджэння другога сына падабрэў. Па-другое, з 1937 па 1945 год Кітай вёў цяжкую вайну з Японіяй (сёння некаторыя гісторыкі менавіта інцыдэнт на мосце Марка Пола 7 ліпеня 1937 года прапануюць лічыць пачаткам Другой сусветнай вайны). За час канфлікту значна ўзмацнілася Камуністычная партыя Кітая на чале з Маа Цзэдунам. І пасля перамогі над японцамі войскі Гаміньдана пачалі не менш крывавую вайну з камуністамі (якую прайгралі). У 1949 годзе Чан Кайшы з паплечнікамі збег на Тайвань, які і зрабіўся ўсім, што засталося ад Кітайскай Рэспублікі. Пры гэтым фармальна гаміньданаўскі Тайвань быў адзіным Кітаем, пра які ведаў свет. Толькі прадстаўнік КР сядзеў у ААН — сусветная супольнасць старанна рабіла выгляд, што камуністы ў Кітаі не перамаглі, і самая вялікая па колькасці насельніцтва дзяржава па-ранейшаму лаяльная да Захаду.
На Тайвані Цзян Цзінго заняў высокую пасаду міністра ўнутраных спраў. Камуністычнае мінулае сына Чан Кайшы дазваляла думаць, што ён будзе талерантна ставіцца да левых. Але за гады грамадзянскай вайны погляды Цзінго змяніліся на 180 градусаў — больш жорстка, чым за камуністамі, “пасерб Леніна” не абыходзіўся ні з кім. Цзян Фанлян падтрымлівала мужа ва ўсіх пачынаннях. Нягледзячы на некітайскае паходжанне, яна мела вялікі ўплыў на мужа. А з цягам часу цалкам асвоілася ў грамадстве, і на працягу дзесяцігоддзяў наша землячка лічылася знаўцам кітайскіх традыцый і этыкету.
Пасля смерці Чан Кайшы прыйшоў зорны час яго сына. У 1978 годзе той быў абраны на пасаду прэзідэнта Тайваня. На той час Кітайская Рэспубліка знаходзілася ў дрэнным стане. У 1971 годзе ААН вырашыла жыць у рэальным свеце, і прадстаўнік Тайваня перастаў казаць за ўвесь Кітай – КНР атрымала ўласнае места ў арганізацыі. Моцна ударыў па эканоміцы паліўны крызіс 1973 года, неразвітай заставалася інфраструктура. Усе праблемы давялося вырашаць Цзян Цзінго пры дапамозе жонкі. І яны справіліся. Кіраўніцтва Тайваня запланавала і ажыццявіла “Дзесяць вялікіх будоўляў” — заводы, АЭС, хайвэй, чыгункі, марскія парты. Праводзіліся эканамічныя рэформы. За два прэзідэнцкія тэрміны Цзян Цзінго, з 1978 па 1988, краіна ператварылася ў тое, што мы ведаем цяпер – квітнеючы і мадэрновы Тайвань.
Пасля смерці Цзян Цзінго яго жонка не страціла прыхільнасці жыхароў вострава. Калі ў 2004 годзе яна памерла, праводзіць яе ў апошні шлях прыйшло ўсё кіраўніцтва краіны, у тым ліку прэзідэнт Чэнь Шунбянь і віцэ-прэзідэнт Анэт Лу.
На радзіме Фаіна Іпацьеўна Вахрава так і не пабывала. Спачатку не пускаў муж, потым — іншыя прычыны. Толькі аднойчы, у 1992 годзе, яна прыняла дэлегацыю з Беларусі на чале з тагачасным мэрам Мінска Аляксандрам Герасіменкам. Усіх трох сыноў удава прэзідэнта пахавала амаль адразу пасля мужа. Дачка яе, Цзян Сяачжан, цяпер жыве ў ЗША.
Дзяніс Буркоўскі, budzma.by