Павел Севярынец асуджаны на пятыя «15 сутак»
Восьмага ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Вера Галаўкова прысудзіла чарговыя 15 сутак Паўлу Севярынцу. Суд праходзіў праз Skype.
На гэты раз яго судзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня, якая праходзіла падчас пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты, паведамляе spring96.org. 15 сутак непасрэдна за ўдзел у акцыі Севярынец атрымаў раней.
Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля дома пасля вяртання з акцыі каля Камароўкі. На наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак арышту. Падчас адбыцця пакарання ў яго было яшчэ як мінімум тры адміністрацыйных судовых пасяджэнні, на якіх яму дадавалі кожны раз па 15 сутак (агулам ён атрымаў 60 сутак цягам месяца). Ён ужо месяц знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.
Таксама ў яго засталіся неадбытымі 30 сутак, атрыманых за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі ў Расіяй, якія праходзілі ў снежні.
Жонка палітыка Вольга Севярынец напісала ў фэйсбуку, што ўмовы ўтрымання Паўла не змяніліся. "На днях яго зноў пасадзілі ў карцар, вады няма, на прагулкі не выводзяць, газеты, кнігі, паперу і асадку не перадаюць.
«У мяне забралі ўсе рэчы, нават Біблію. Чаму? Забойцы з Бібліяй сядзяць, а тут... Сяджу 31 дзень без душу, даюць толькі літар халоднай вады. У такіх умовах яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку жанчыны. Што адбываецца ў цэнтры Эўропы? Давайце ж будзем людзьмі» — казаў Паша сёння на судзе.
Малодзенькія дзяўчынкі, сакратаркі суда не далі мне нават перамовіцца з ім парай словаў, выключалі скайп, выганялі з залі. Пабачыла яго на секунду, паслухала голас — і на тым дзякуй.
А ўчора перадаючы перадачу я не стрымалася і расплакалася, бо нейкі начальнік, гледзячы мне ў вочы, пяшчотна сказаў: "Мы яго здаровым прынялі, мы яго здаровым і вызвалім". Мне так хочацца верыць гэтым людзям, але... ня верыцца".