Памёр Фелікс Шкірманкоў — ветэран Другой сусветнай вайны і адзін з найстарэйшых сябраў БНФ

Яму было 94 гады. Прычына смерці — каронавірус. 

136071852_3856866704358768_8646572629992354921_o.jpg

Сёння пайшоў з жыцця ветэран Другой сусветнай вайны, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ, пісменьнік Фелікс Шкірманкоў, паведамляе прэс-служба партыі. Прычына смерці — каранавірус. Управа Партыі БНФ глыбока смуткуе і выказвае спачуванні дачцы і сваякам Фелікса Ўладзіміравіча, усім сябрам і паплечнікам спачылага беларускага патрыёта.

Фэлікс Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 году ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ён быў ветэранам вайны, сябрам Партыі БНФ, Саюзу беларускіх пісьменнікаў ды ТБМ. У 2005 годзе быў найстарэйшым дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі.

Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны. Пасля доўгі час працаваў геолагам на Далёкім Усходзе. Яго вяртанне ў Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР. Землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынёй Слаўгарадзкага гарадзкога савету народных дэпутатаў. Фелікс Шкірманкоў выдаў некалькі кніг рознага літаратурнага жанру. Сярод яго твораў — успаміны, замалёўкі, абразкі, «ваенныя» і «геалагічныя» апавяданні, паэтычная кніга на расійскай мове, кнігі вершаў па-беларуску.