Медыкі навучыліся прадказваць цяжкасць каронавіруснай інфекцыі
Веданне колькасці віруса ў арганізме пацыента можа дапамагчы лекарам прадказаць ход хваробы. Пра гэта піша Радыё Свабода са спасылкай на The New York Times.
У той час, як пацыенты з COVID-19 запоўнілі шпіталі па ўсім свеце, лекары сутыкнуліся са складаным пытаннем: у якіх пацыентаў больш высокая верагоднасць хуткага пагаршэння стану? І ў каго з іх больш шанцаў перамагчы вірус і ачуняць?
Аказваецца, ёсць спосаб дапамагчы адрозніць гэтыя дзве групы, хоць ён яшчэ не атрымаў шырокага распаўсюджвання. Дзясяткі даследчых прац, апублікаваных за апошнія некалькі месяцаў, паказалі, што людзі, чые целы кішаць каронавірусам, часцей хварэюць і з большай верагоднасцю паміраюць, у параўнанні з тымі, хто нясе ў сабе значна менш віруса.
Вірусная нагрузка
Вынікі паказваюць, што веданне так званай віруснай нагрузкі — колькасці вірусу ў арганізме — можа дапамагчы лекарам спрагназаваць ход хваробы пацыента. Гэта дапамагае ім вылучаць тых, каму кіслародная дапамога можа спатрэбіцца, напрыклад, толькі раз на дзень, і тых, каму яна будзе патрэбная пастаянна. Пацыентаў з большай віруснай нагрузкай трэба даглядаць больш пільна, — кажа доктар Дэніэл Грыфін, лекар-інфекцыяніст з Калумбійскага ўніверсітэту ў Нью-Ёрку.
Паводле доктара Грыфіна, адсочванне віруснай нагрузкі «сапраўды можа дапамагчы нам падзяліць рызыкі». Ідэя не новая: кіраванне віруснай нагрузкай доўгі час складала аснову лячэння людзей з ВІЧ і стрымлівання перадачы гэтага віруса.
Да гэтага часу для адсочвання віруснай нагрузкі ў пацыентаў з COVID-19 было прыкладзена адносна мала намаганняў. Аднак у гэтым месяцы амерыканскае Упраўленне санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) заявіла, што клінічныя лабараторыі могуць паведамляць не толькі пра тое, ці быў чалавек інфікаваны каронавірусам, але і пра тое, колькі віруса трапіла ў ягоны арганізм.
Сюрпрыз для лекараў
Гэтая навіна стала доўгачаканым сюрпрызам для экспертаў, якія на працягу некалькіх месяцаў самастойна прымушалі лабараторыі фіксаваць інфармацыю пра вірусную нагрузку.
«Гэта вельмі важны крок FDA, — сказаў доктар Майкл Міна, эпідэміёлаг з Гарвардскага ўніверсітэту. — Я думаю, што гэта крок у правільным кірунку, каб максімальна выкарыстаць наяўныя ў нас звесткі для многіх заражаных людзей».
Даследаванне, апублікаванае ў чэрвені, паказала, што вірусная нагрузка зніжаецца па меры росту імуннага адказу, «як і варта было чакаць ад любога старога вірусу», — сказаў кіраўнік даследавання доктар Аляксандр Грэнінгер, вірусолаг з Вашынгтонскага ўніверсітэту ў Сіэтле.
Тэст PCR дае больш інфармацыі
На шчасце, даныя аб віруснай нагрузцы — ці, прынамсі, яе прыблізная ацэнка — лёгка даступныя, яны ўбудаваныя ў вынікі PCR тэсту, які большасць лабараторый выкарыстоўвае для дыягностыкі каронавіруснай інфекцыі.
PCR тэст праводзіцца «цыкламі», кожны з якіх падвойвае колькасць віруснага генетычнага матэрыялу, першапачаткова ўзятага з ўзору пацыента. Чым вышэй зыходная вірусная нагрузка, тым менш цыклаў патрабуецца тэсту для выяўлення генетычнага матэрыялу і атрымання сігналу.
Станоўчы вынік пры нізкім парозе цыкла, або Ct, азначае высокую вірусную нагрузку ў пацыента. Калі тэст не будзе станоўчы да завяршэння многіх цыклаў, у пацыента, верагодна, больш нізкая вірусная нагрузка.
Пацверджанне на практыцы
Даследнікі з Weill Cornell Medicine ў Нью-Ёрку зафіксавалі вірусную нагрузку ў больш чым 3000 шпіталізаваных пацыентаў з COVID-19 у дзень іх шпіталізацыі. Лекары выявілі, што 40% пацыентаў з высокай віруснай нагрузкай — чые тэсты былі станоўчымі пры Ct 25 або ніжэй — памерлі падчас знаходжання ў шпіталі, у параўнанні з 15% пацыентаў са станоўчымі тэстамі пры больш высокім Ct і, як мяркуецца, больш нізкай віруснай нагрузцы.
У іншым даследаванні Дэпартамент грамадскага здароўя Невады выявіў, што сярэдняе значэнне Ct складае 23,4 у людзей, якія памерлі ад COVID-19, у параўнанні з 27,5 у тых, хто перажыў хваробу. У бессімптомных людзей сярэдні паказнік склаў 29,6, што сведчыць аб тым, што яны неслі значна менш віруса, чым дзве іншыя групы.
Можа здацца, што гэтыя лічбы адрозніваюцца вельмі нязначна, але яны адпавядаюць мільёнам вірусных часцінак.
«Гэта не тонкія адрозненні», — кажа доктар Грэнінгер. Даследаванне, праведзенае ў яго лабараторыі, паказала, што ў пацыентаў з Ct менш за 22 шанцы памерці на працягу 30 дзён больш чым у чатыры разы вышэйшыя, чым у пацыентаў з меншай віруснай нагрузкай.
Сумненні скептыкаў
Крытыкі гэтых высноваў кажуць, што дакладнасць тэкстаў PCR не вельмі высокая, бо яны грунтуюцца на мазках з носа і горла пацыентаў.
Таксама кажуць, што колькасць каронавіруса ў арганізме рэзка змяняецца ў ходзе інфекцыі. Узроўні павышаюцца ад нявызначанага да станоўчага ўсяго за некалькі гадзін, а вірусная нагрузка працягвае расці, пакуль не спрацуе імунны адказ. Затым вірусныя нагрузкі хутка зніжаюцца.
Але вірусныя фрагменты могуць затрымлівацца ў арганізме, выклікаючы станоўчыя вынікі тэстаў яшчэ доўга пасля таго, як пацыент перастаў быць заразным і хвароба сышла.