Памерла валанцёрка, якая шукала новы дом для бяздомных жывёл. Патрэбна дапамога

Сёння стала вядома, што памерла хворая на рак Марына Ступінская. Яна больш за восем гадоў ратавала ад смерці выкінутых на вуліцу жывёл.

maryna_stupinskaja.jpg

Пра смерць валанцёркі паведаміла выданне «М*цныя навіны». Марына Ступінская доўгі час змагалася з анкалагічным захворваннем. На жаль, хвароба ўзяла сваё — і Марыны не стала.

«Новы час» ужо пісаў пра Марыну. Чатыры гады таму валанцёрка набыла будынак былой школы ў вёсцы Высокае Рагачоўскага раёна і адкрыла ў ім хоспіс для бяздомных катоў і сабак.

Усё ішло добра, любімая справа прыносіла радасць. Марына і яе каманда збіраліся адкрыць у прытулку ветэрынарны кабінет, пабудаваць новыя вальеры, правесці ўсе неабходныя камунікацыі. Увогуле, планаў было шмат. Але два гады таму ў Марыны выявілі анкалагічнае захворванне, зрабілі аперацыю, але хвароба да яе вярнулася.

Фота са старонкі хоспіса ў сацсетках

Фота са старонкі хоспіса ў сацсетках

На старонцы хоспіса ў сацсетках неабыякавым людзям нагадваюць:

«Выратаванне жывёл — гэта заўсёды і выратаванне людзей. Ад абыякавасці, ад штодзённасці, гэта нагода кожнаму дастаць са сваёй душы спачуванне, суперажыванне, дабрыню і сілу.

Мы жывём у матэрыяльным свеце. І колькі б нам ні казалі, што дапамагаюць малітвы, медытацыі і мантры, гэта не так. Ратуюць учынкі. Удзел у чужым лёсе. Ратуюць справы і рашэнне змяніць чыёсьці жыццё. Паглядзіце прама цяпер вакол сябе. Асабліва на адзінокіх старых, дзяцей, жывёл. Магчыма, камусьці з іх патрэбна ваша рэальная дапамога. Дапамога справамі».

«М*цныя навіны» распавялі, што цяпер 85 сабак і 75 коцікаў не маюць свайго дома, а сочыць за імі ўсяго толькі адзін чалавек. Да таго ж хоспісу патрэбны і дужыя мужчынскія рукі, паколькі будынак стары, працякае дах, а для сабак патрэбныя яшчэ і будкі. Для пастаяннага працаўніка магчыма і пражыванне, але любога роду дапамога не будзе лішняй.

На ўсе пытанні пра дапамогу ахвочым адкажуць па тэлефоне + 375 29 368-82-38. Жанчыну завуць Кацярына.